Раман Кісляк пра жыццё беларусаў у Грузіі



Сотні і нават тысячы беларусаў з’язджаюць з Радзімы  ў розныя краіны свету. Апошнія паўгода адным з самых простых накірункаў, куды можна патрапіць беларусам без візы – гэта Грузія.

 Менавіта туды быў вымушаны з’ехаць і наш сённяшні „Госць Рацыі” Раман Кісляк:  

– Амаль паўгода я тут знаходжуся, нармальна, лепш чым у Беларусі ва ўмовах татальных рэпрэсій. Я думаю, што грамадскім актывістам лепш знаходзіцца ў гэты перыяд за мяжой.

РР: Што было перад тым, як вам удалося вырвацца з Беларусі?

– Накопліваліся пагрозы, улады ўзяліся за журналістаў, за актывістаў грамадскіх арганізацый. Заводзіліся крымінальныя справы, праводзіліся вобшукі, людзі затрымліваліся. Пасля чарговага вобшуку я з’ехаў з Беларусі, каб не ставіць сваё жыццё і дзейнасць у залежнасць ад рашэнняў уладаў, бо яны ў любы момант маглі б мяне затрымаць.

РР: Ці ёсць нейкі працяг вашых акцый супраць завода АКБ і дзеянняў, якія адбываліся?

– На жаль уся палітычная сітуацыя змянілася і з канца чэрвеня 2020 года АМАП, міліцыя не давалі людзям збірацца на плошчы Леніна. Мы спрабавалі ініцыяваць рэферэндум, але ўлады адмовіліся ад правядзення рэферэндуму прысвечанаму лёсу акумулятарнага заводу нягледзячы на свае абяцанні дадзеныя раней. У цяперашні час канешне няма ніякіх актыўных дзеянняў, пратэсту. Усе ўмовы такія, што людзям, якія выйдуць на публічны пратэст, яны трапяць пад вельмі моцныя рэпрэсіі: затрыманню, арышту, судоваму пераследу, нават збіццю і катаванням.

РР: Ці ўдаецца журналістам і праваабаронцам працягваць за мяжой сваю працу?

– Так, я бачу, што многія арганізацыі аднавілі сваю дзейнасць і працуюць тут, напрыклад у Грузіі. Я бачу, як у Еўропе ў некаторых краінах арганізацыі змаглі аднавіцца пасля такога разгрому, нападу на іх з боку ўладаў Беларусі. Я спадзяюся, што мы вернемся да той эфектыўнасці, да той дзейнасці ўжо ў новых умовах.

РР: Ці ўдаецца вам займацца сваёй праваабарончай дзейнасцю ў Грузіі?

– Безумоўна, тут няма ніякіх перашкодаў для працы. У параўнанні з Беларуссю Грузія абсалютна свабодная краіна, тут ніхто не перашкаджае. Беларусы выходзяць на акцыю пратэсту, свабодна выражаюць сваё меркаванне, свой пратэст, свае думкі. Таксама я і іншыя мае калегі праваабаронцы свабодна працуем, у тым ліку і на карысць Беларусі, беларускіх грамадзян у сферы абароны іх правоў.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле.

З „Госцем Рацыі” размаўляў наш карэспандэнт Сяргей Апановіч.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]