Расея завяршыла вывад вайскоўцаў з Казахстану



З Казахстану вылецелі апошнія чатыры самалёты з расейскімі вайскоўцамі, якія знаходзіліся там у рамках місіі АДКБ. Пра гэта паведамляе ТАСС.

Самалёты вылецелі з аэрапортаў Нур-Султана і Алматы. На гэтых бартах Казахстан пакінула і камандаванне вайсковым кантынгентам на чале з генерал-палкоўнікам, камандуючым ПДВ Расеі Андрэем Сердзюковым. Паводле яго, місія прайшла паспяхова, а ў адносінах да расейскіх салдат «не было дапушчана ніводнай правакацыі».

У Мінабароны паведамілі, што расейскія вайскоўцы дапамаглі ўладам Казахстана ўзяць пад кантроль аэрапорт у Алматы. Яны таксама ахоўвалі размешчанае ў горадзе генконсульства Расеі і іншыя адміністрацыйныя аб’екты.

Вывад расейскіх вайскоўцаў з Казахстана пачаўся 13 студзеня. Іх дакладная колькасць не выдавалася. Усяго ў рамках місіі АДКБ у Казахстан былі накіраваныя 2030 салдат і 250 адзінак тэхнікі з Расеі, Беларусі, Арменіі, Таджыкістана і Кіргізстана.

Раней у сераду стала вядома, што дэпутаты Мажыліса (ніжняй палаты) парламента Казахстана ўхвалілі папраўкі ў заканадаўства, якія адменяць пажыццёвае старшынства першага прэзідэнта рэспублікі Нурсултана Назарбаева ў Радзе бяспекі і Асамблеі народу Казахстана, паведаміла svaboda.org

[manual_related_posts]