Сурыкаў пра затрыманне журналістаў „Регнума”



„Тут ёсць дысгармонія ў пытаннях свабоды слова, але ёсць і пытанне радыкалізму, разбурэння міждзяржаўнага і братэрскага сяброўства”, — заявіў пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў 20 снежня на прэс-канферэнцыі ў Менску, каментуючы справу аб затрыманні трох аўтараў агенцтва Регнум.

Аляксандр Сурыкаў

Фота tut.by

Затрыманых дыпламат ахарактарызаваў як „вельмі радыкальных журналістаў”, якія „забіваюць кліны” паміж народамі Беларусі і Расеі.

„Так, гэта беларускія грамадзяне, гэта працэсуальна справа беларуская, — сказаў Сурыкаў. — Але вельмі моцна сумняваемся, што гэтыя людзі — сапраўдныя патрыёты краіны, у якой жывуць і з’яўляюцца яе грамадзянамі. Таму што такія фармулёўкі, як „недадзяржава”, „неданарод”, не ўпрыгожваюць ніякага грамадзяніна, у тым ліку і журналіста краіны”.

Пры гэтым расейскі пасол адзначыў, што ў справе трэба „вельмі добра разабрацца”. „Ёсць вельмі шмат пытанняў. І тыя органы, якія гэтым займаюцца, павінны паглядзець i, не ўрываючыся ў пытанні свабоды слова, прыняць адпаведныя рашэнні”, — сказаў Сурыкаў.

Следчы камітэт расследуе крымінальныя справы ў дачыненні да трох грамадзян Беларусі, якія з’яўляліся аўтарамі расейскіх рэсурсаў „Регнум”, „Лента.ру” і „ЕАДэйли”, — Юрыя Паўлаўца, Дзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыпценкі. Справы распачатыя на падставе артыкула 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні).

Следства мяркуе, што асноўным матывам іх супрацьпраўнай дзейнасці з’яўлялася матэрыяльная зацікаўленасць. Падазроныя змешчаныя пад варту.

belapan.by