Ці чакаць дэвальвацыю?



Былы старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч робіць прагноз адносна таго, ці варта ў бліжэйшы час чакаць дэвальвацыйных працэсаў.

Станіслаў Багданкевіч

Некаторыя эксперты прагназуюць у наступным годзе дэвальвацыю беларускага рубля, хаця пакуль нацыянальная валюта, пасля паведамлення аб росце цэн на нафту, нават умацавалася ў адносінах да даляра і еўра. Што далей?

Станіслаў Багданкевіч: На маю думку, да канца гэтага году пагрозы дэвальвацыі няма, курс захаваецца ў межах 2 рублёў за даляр. Што датычыцца 2017 году, то будзе шмат фактараў, якія могуць паўплываць на курсаўтварэнне. Напрыклад, калі ніхто не дасць крэдытаў, а трэба будзе аддаваць даўгі, то могуць з’явіцца праблемы з абменным курсам. Але на гэты момант я не бачу вялікіх глыбінных прадпасылак для дэвальвацыі, бо курс вызначаецца попытам і прапановай. Пакуль прапанова па валюце большая, чым попыт, ёсць нават павелічэнне золатавалютных рэзерваў. 

РР: У наступным годзе ўлады, відаць, сур’ёзна вырашылі выйсці на сярэдні заробак у 500 даляраў. Гэтыя планы могуць паўплываць на дэвальвацыйныя працэсы?

Станіслаў Багданкевіч: Я думаю, улады не пойдуць на тое, каб уключаць друкаваны станок. Сумны досвед ёсць, ведаюць, чым можа закончыцца справа. І сярэдняга заробку ў 500 даляраў не будзе – не трэба сябе цешыць ілюзіямі. Зрэшты, можна дасягнуць і гэтай лічбы, калі скарачаць работнікаў на прадпрыемствах і, такім чынам, штучна падвышаць вытворчасць працы. Але ж гэта прывядзе да беспрацоўя, сацыяльнай напружанасці, а гэта ўладам не патрэбна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя