У Гародні з’явілася алея, якую высадзілі беларусы і палякі



Гарадзенская вобласць і Падляшскае ваяводства будуць больш актыўна развіваць памежную і турыстычную інфраструктуру. Гэтую тэму абмяркоўвалі на сустрэчы старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў і маршалак Падляшскага ваяводства Польшчы Артур Касіцкі.

У рэгіёнаў 140 км агульнай мяжы. Бакі рэалізуюць нямала сумесных праектаў у розных сферах – ад адукацыі, культуры, турызму да эканомікі і дарожнага будаўніцтва. Адно з пытанняў, вынесеных на абмеркаванне, – развіццё памежнай інфраструктуры і стварэнне новага пункта пропуску непадалёк ад Гародні.

Зараз вядуцца работы па рэканструкцыі пункта пропуску «Брузгі» на беларуска-польскай мяжы. Больш камфортныя ўмовы для тых, хто перасякае мяжу, ствараюцца ў пункце пропуску «Бераставіца».

Абмеркавалі бакі і працу сезоннага рачнога пункта пропуску «Лясная-Рудаўка» на Аўгустоўскім канале. Новы сезон папулярнага ў турыстаў пераходу стартуе ў канцы красавіка. Зараз неабходна вырашыць некалькі актуальных пытанняў, звязаных з рамонтам памежнага шлюза.

У цэнтры ўвагі апынулася і пытанне стварэння яшчэ аднаго міжнароднага аўтамабільнага пункта пропуску «Сафіева-Ліпшчаны».

«Перспектыва ёсць, але гэта ўжо міждзяржаўная задача. Дамовіліся з калегамі вынесці пытанне на больш высокі ўзровень. Аб тэрмінах гаварыць пакуль заўчасна », – адзначыў Уладзімір Краўцоў.

 

Стварэнне новага пункта пропуску дазволіць скараціць шлях ад Гародні да Аўгустова, палепшыць сувязі паміж рэгіёнамі, і павысіць турыстычную прывабнасць Аўгустоўскага канала. Таксама Уладзімір Краўцоў і Артур Касіцкі прынялі ўдзел у закладцы алеі Дружбы. Два дзесяткі клёнаў былі высаджаны на вуліцы Курчатава непадалёк ад гарадзенскай СШ№36 з польскай мовай навучання.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя

Фота vgr.by, wrotapodlasia.pl