Жыхары менскай Грушаўкі: «Нас загналі ў «завулкі» жыцця»



Жыхары двух дзесяткаў прыватных драўляных хацін, што месцяцца ў цэнтры Менска на частцы вуліцы Разінскай ды ў трох завулках – Талінскім, 6-ым ды 7-ым Чыгуначных – выйшлі на стыхійны мітынг. Падставай паслужыла атрыманая імі папера з Маскоўскага райвыканкама аб адмене зносу іх жытла, якое не мае нават звычайных камунальных паслуг – ацяплення, водазабеспячэння і каналізацыі. Пры тым, што ўлады абяцанкамі-цацанкамі перасяліць у цывілізаванае жытло кормяць некалькі сотняў жыхароў дзесяцігоддзямі.

Гэтым разам жыхары «завулкаў», як яны самі сабе клічуць, гаварылі не пра сваё жыццё-быццё ў перакошаных убогіх дамках з дзе-нідзе дзіравымі стрэхамі, якое адкрыта называюць «скоцкім», але пра «скоцкія» паводзіны ўлады ў дачыненні да іх. Апошнія забаранілі будаўніцтва нават на іх кволых па памерах участках. Пачаў мой знаёмы па мінулай вандроўцы Сяргей Кабанаў, які пражывае тут ужо 40 гадоў.

Сяргей Кабанаў: Нам кажуць, адзінае выйсце – знайсці спонсара, які б выкупіў гэты кавалак зямлі. Але хто паласуецца  сёння на квадратны метр за 2 млн старымі, улічваючы вялізныя падаткі да 20 %. Для паказухі будуюць аграгарадкі, а ў цэнтры Менска зрабілі гарлемскія трушчобы! Дайце веры, тры прыпынкі да галоўпаштамта! І як ты жывеш, нікога не хвалюе!

Далучаюцца жыхары, якіх сабралася з навакольных дамоў да паўтара дзесятка.

Жыхары: Былі ў райвыканкаме – там кажуць, каб фарбавалі хаты і латалі дзіры, каб знешні выгляд паляпшаць. Заклікаюць нават не працаваць, як у савецкія часы – жыць «для галачкі». Учора ў газеце прачытаў, што 26 квадратных метраў прыходзіцца на сярэдняга беларуса, а ў 2017 узрасце да 30 – гэта пра каго? Ад часоў СССР, як толькі выбары – расказваюць як нас будуць зносіць і якія добрыя кватэры наўзамен чакаюць. А выберуць таго кандыдата – і памінай, як клікалі… У нас дамы, у асноўным, з 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Капітальнага рамонту нідзе і ніколі не было. Нават не захавалі супрацьпажарнай абароны. Загарыцца – і ўсе запалаем разам! Хоць «пажарка» побач – не ўздымаюць «пытання». І праводка гнілая – іскра і ўсё… Мы закрытыя тут! Я казаў старшыні райвыканкама – вы адмыслова схавалі сярод гмахаў нас , як індзейцаў у рэзервацыі? 500 тысяч плачу «за кацёл». За капрамонт цягнуць грошы, але яго ніколі не было – усё робім самі! Я ў іх спытала – а што ў той рамонт уваходзіць? Сказалі – вываз смецця. Нібы, не ведаюць, што гэта асобна аплачваецца.

РР: Вы за гэтыя гады хоць чаго-небудзь дамагліся?

Жыхары: Нічога, усё бессэнсоўна…Без сэнсу…

Асаблівае абурэнне «завулкаўцаў» выклікае тое, што іх кволыя хаціны месцяцца ў атачэнні спартыўнага комплексу ды інтэрната Акадэміі кіравання пры Адміністрацыі Прэзідэнта, шыкоўных гасцінічных апартаментаў “Камфорт” ды ў кіламетры ад сталічнага Галоўпаштамта. І, маўляў, чарговым паперам ад уладаў яны ўжо не павераць.

no images were found

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара