Запрашае “Сярэдняя Прыпяць і Прастыр”



Дваццаць год таму, у кастрычніку 1994 года, па рашэнню Савета міністраў Беларусі на Палессі быў утвораны Ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння “Прастыр”, які пазней рэарганізавалі ў дзяржаўны заказнік “Сярэдняя Прыпяць і Прастыр”.

На тэрыторыі заказніка ўдалося захаваць аўтэнтычныя палескія куточкі. Тут выяўлена 7 відаў птушак, занесеных у Чырвоную кнігу, буйная мікрапапуляцыя лася ды 23 віды рыб. Сярод каштоўных відаў фаўны водзяцца: амерыканская норка, чорны тхор, вадзяная палёўка ды андатра.

У апошнія пяць год заказнік актыўна развівае турыстычны напрамак. Дырэктар Віктар Бяленка адзначыў, што падарожнікаў упершую чаргу вабіць “дзікая” прырода:

– У асноўным цікавіць што: балота, старыцы, самі рэкі Ясельда, Прыпяць. Распрацаваныя ў нас роварныя маршруты, якія злучаюць аграсядзібы. Каб людзі пасля 20-30 кіламетраў язды на ровары маглі адпачнуць, папіць гарбаты, кавы. У нас усё распрацавана. Адзінае, што “кульгае” сервіс. Не можам мы прадставіць байдаркі высокага класа, ровары, каб было зручна турысту.

Кіраўніцтва заказніка не хавае таго факту, што ўвесь патэнцыял установы яшчэ не раскрыты. Гэтая праца толькі пачалася, і яна вымагае часу ды руплівага падыходу.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя