Ад князя Альгерда – да Марка Шагала



Асноўная прыгажосць Віцебска – гэта рака Дзвіна, якая і стварае непаўторны гарадскі ландшафт. Тапонім «Віцебск» утварыўся ад назвы ракі Віцьбы, на беразе якой узнікла старажытнае паселішча.

Паводле легенды з Віцебскага летапісу, складзенага ў XVIII ст., горад у 974 годзе заклала княгіня кіеўская Вольга, аднак вядома, што яна памерла яшчэ ў 969 годзе. З гэтай прычыны на сённяшні дзень паміж гісторыкамі вядзецца спрэчка адносна даты засавання горада.

У Х—ХІІІ стагоддзях Віцебск займаў важнае месца на «шляху з варагаў у грэкі». У 1021 годзе князь кіеўскі Яраслаў Уладзімеравіч перадаў места разам з Усвятам князю полацкаму Брачыславу Ізяславічу пры складанні міру. Па смерці князя полацкага Усяслава Чарадзея (1101 год) Віцебск стаў сталіцай удзельнага княства.

Па смерці князя Яраслава (1320 год) Віцебск паводле спадчыны перайшоў да вялікага князя Альгерда і такім чынам далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Віцебск апынуўся ў складзе Расейскай імперыі, дзе стаў цэнтрам правінцыі (у 1796 годзе цэнтр Беларускай, з 1802 году Віцебскай губерні).

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Віцебск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі.

1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 3 сакавіка 1924 году Віцебск вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну і акругі (з 15 студзеня 1938 году — цэнтр вобласці).

З Віцебскам звязана жыццё і творчасць шматлікіх славутых дзеячаў культуры – ад Марка Шагала – да Казіміра Малевіча, ад Юркі Віцьбіча – да Васіля Быкава.

Беларускае Радыё Рацыя