Адрыятыка. З жыцця рабаўладальнікаў



Антычную Грэцыю згубілі рабства, разбэста і сібарыцтва. Нашчадкі славы Фемістокла і Перыкла неўзабаве пасля пермогаў над персамі сталі распешчанымі і капрызлівымі лайдакамі. Пераможцы сяліліся ў шыкоўных палацах на марскім узбярэжжы, дзе бавілі час у вытанчанай распусце і думках пра вечнае. Усю працу за іх рабілі нявольнікі, а гарады-дзяржавы баранілі найміты.

Калі на Адрыятыку прыйшлі суворыя і незаможныя рымляні, у разбэшчаных грэкаў не заставалася волі для супраціву, не кажучы ўжо пра грошы для ўтрымання наймітаў. Частка рабаўладальнікаў паўцякала, частка была перабітая, а частка патрапіла ў палон. У палацах пасяліліся пераможцы. Але гісторыя паўтарылася: рымляне таксама загрузнулі ў лайдацтве і оргіях і таму не змаглі годна супрацьстаяць шматлікім варварам. Тыя, аднак, не сталі сяліцца ў раскошы; заваёўнікаў з простымі сялянскімі рэфлексамі цікавіла выключна зямля.

Закінутыя палацы з цягам часу разбураліся, цэглу расцягвалі на будаўніцтва добрыя пасяляне, муры аплывалі і зарасталі бадыллём.

Руіны аднаго з такіх грэка-рымскіх палацаў захаваліся ў Бутрындзі, на мяжы Албаніі і Грэцыі.

Падчас шпацыраў па грэка-рымскіх развалінах можна адно здагадвацца, дзе тут быў атрыум, дзе перыстыль, дзе спачывальня, а дзе жылі рабы. Руіны пакояў гаспадароў і камораў нявольнікаў выглядаюць аднолькава.

Пра былую раскошу нагадваюць хіба што ўломкі калонаў і фрагменты мазаік, па якіх жвава сноўдаюцца смарагдавыя яшчаркі – адзіныя жывыя істоты, якія ўпадабалі некалі шыкоўны палац.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара