Афіны ў жніўні



Жнівень – не лепшы час для наведвання сталіцы Грэцыі. Бясконцыя натоўпы турыстаў, шалёная загазаванасць паветра, хаатычны рух транспарту.

А таму знаёміцца з Афінамі лепш за ўсё з Плакі – гістарычнага раёна блізка Акропаля. Тут няма ані бетонных скрыняў, ані шкляных офісных цэнтраў, ані бясконцых статкаў аўтамабіляў. З вышыні адкрываецца карказломны краявід: гара Лікавіт, антычны храм Нептуна, бізантыйскія цэрквы…

А галоўнае, толькі з Плакі, нарэшце, заўважаеш, чым цэнтр Афінаў адрозніваюцца ад большасці еўрапейскіх сталіц. Тут зусім няма хмарачосаў. Магчыма, іх не будуюць з прычыны сейсмалагічнай актыўнасці ў Атыцы. Магчыма, з-за высокага ўзроўню грунтавых водаў. Але ж хочацца верыць, што гарадскія ўлады і самі ўцямілі відавочнае: хмарачосы напэўна б засланілі гістарычныя дамінанты сталіцы Грэцыі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя