Айсберг памерам з Мальту адкалоўся ад ледніка ў Антарктыдзе



Ад аднаго з леднікоў Антарктыды, вострава Пайн-Айленд, які вельмі хутка растае, адкалоўся айсберг, плошча якога большая за 350 кв.км, паведамляе партал навуковых навін Live Science.

Вучоныя назіралі за ледніком Пайн-Айленд з кастрычніка 2019 года, калі ля яго краю ўтварыліся дзве расколіны. А 11 лютага ад яго адкалолася вялізная льдзіна, якую можна параўнаць памерам з дзяржавай Мальта і якая ў два разы перавышае плошчу сталіцы ЗША – Вашынгтон. Трапіўшы ў мора Амундсена, айсберг распаўся.

На думку вучоных, адкол айсберга – з’ява нядзіўная, і паколькі льдзіна і раней была плывучая, гэты лёд не будзе садзейнічаць непасрэдна павышэнню ўзроўню мора. Аднак непакой выклікае той факт, што ў апошняе дзесяцігоддзе льдзіны пачалі адколвацца значна часцей. Калі раней, паводле даных НАСА, адколы адбываліся кожныя 4-6 гадоў, то цяпер яны сталі практычна штогадовай з’явай. Так, ад Пайн-Айленд і суседняга ледніка Твайтс (таксама вядомага як „ляднік Суднага дня”) вялізныя кавалкі лёду адшчапляліся ў 2011, 2013, 2015, 2017, 2018 годах, а цяпер і ў 2020 годзе.

Вучоныя занепакоены тым, што Пайн-Айленд і Твайтс могуць зусім знікнуць. Сусветная метэаралагічная арганізацыя 6 лютага паведаміла аб рэкордна высокай тэмпературы, калі-небудзь зарэгістраванай у Антарктыцы, – 18,3 градуса вышэй за нуль па Цэльсію.

belta.by

Фота ESA