Албанія, Бутрынд. Візантыйскі баптыстэрый



За часамі першых хрысціянаў абрад хросту быў выключна таемным: вучняў апосталаў жорстка пераследавалі рымскія імператары. Рэлігійных іншадумцаў прылюдна катавалі, палілі жыўцом і кідалі на арэну Калізея, на з’ядзенне крыважэрным хіжакам. Неафітаў хрысцілі ў якой рэчцы ўночы ці ў катакомбах.

Пасля дазволу хрысціянства імператарам Канстанцінам хрост стаў публічным абрадам, для якога ўзводзіліся адмысловыя будынкі пры цэрквах – баптыстэрыі. Мазаіка, фрэскі, пазалота і ўрачыстасць самога працэсу хросту падкрэслівалі асаблівую значнасць таемства.

Непадалёк албанска-грэчаскай мяжы камянеюць разваліны старажытнага горада Бутрында: тэатр эліністычнай эпохі, вілы мясцовага патрыцыяту, абарончыя муры рымскіх часоў. Руіны баптыстэрыя часоў ранняй Візантыі захаваліся ці не найлепш за іншае.

Баптыстэрый быў круглым у плане, з мазаічнай падлогай, фрагменты якой яшчэ можна разгледзець. У цэнтры і пагэтуль добра бачна невялічкую купель. Крыху засмучае мноства калонаў усярэдзіне. Для падтрымкі купала іх занадта багата, ды і каменныя слупы напэўна заміналі прысутным бачыць усе падрабязнасці хросту.

Але з тлумачальнай шыльды вынікае, што калоны тыя прыцягнутыя пры будаўніцтве баптыстэрыя з закінутых старарымскіх храмаў. Напэўна, гэта была своеасаблівая помста паганскім багам за эпоху пераследаў і прыніжэнняў першых хрысціянаў.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара