Албанія. Старарымскія руіны ў інтэр’ерах сучаснага горада



Што рабіць са старажытнымі руінамі, якія знянацку выяўляюцца падчас будаўніцтва? З такім пытаннем сутыкаюцца ці не ў кожным горадзе з багатай гістарчынай мінуўшчынай.

Зямля ў гарадскіх цэнтрах зазвычай дарагая. Рабіць на месцы археалагічных знаходак музей у наш меркантыльны час эканамічна немэтазгодна.

А таму існуюць некалькі варыянтаў вырашэння праблемы.

Можна разбурыць нікому непатрэбную старызну экскаватарамі і збудаваць на тым месцы прыгожы гандлёва-забаўляльны цэнтр са шкла і бетона, які будзе прыносіць стабільныя грошы. Гэты спосаб найбольш папулярны на постсавецкай прасторы, у тым ліку і ў Беларусі.

Можна ўдала ўпісаць ацалелыя антычныя лёхі ў інтэр’еры суперсучаснага кінатэатра ці супермаркета; выглядае небанальна, падкрэслівае пераемнасць, прываблівае наведвальнікаў. Такі варыянт цяпер папулярны у Італіі, Францыі і на Мальце.

Але можна радыкальна напляваць на бізнес-планы з запланаванымі прыбыткамі, адмяніць будаўніцтва і пакінуць усё, “як ёсць”. Так, прынамсі, зрабілі ў горадзе Саранда, што на поўдні Албаніі.

Падмуркі абарончай сцяны з вежай і парэшткі жылых кварталаў заціснутыя паміж галоўнай плошчай, цэнтральным скверам і аўтавакзалам. Уваход бясплатны.

Без сумневу, крыты рынак ці комплекс атракцыёнаў на гэтым месцы выглядаў бы куды больш фінансава прывабна. Аднак невялічкі археалагічны запаведнік, удала ўпісаны ў сучасны гарадскі інтэр’ер, дае жыхарам Саранды нагоду для гонару за свой горад, а гонар немагчыма вымераць ніякімі грашыма.

 

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя