Амальфі. Пару гадзінак у горадзе мільянераў



Узбярэжжа Амальфі называюць падчас “40 км захаплення”… І, ведаеце, нешта ў гэтым ёсць! Поўдзень Італіі восенню – літаральна асалода для вачэй.

Многія мясціны “чапляюць” шыкоўнымі відамі, але Амальфі – той гарадок, дарога да якога ўражвае мацней, чымсьці ён сам. І першай справай тут думаеш не пра прыгажосць места – пра паркоўку! Яе насамрэч цяжка знайсці. Нам шанцуе – не сезон… Знайшлі за хвілін 30-40. Хтосьці можа прыехаць сюды ў ліпені-жніўні і праехаць гарадок транзітам, не знайшоўшы месца для сваёй машынкі.

Другое, пра што думаеш, – Басанавічус! Папулярны і пантовы праменад у Паланзе ў разгар сезону… Бадай, цэнтр балтыйскага курорту ў ліпені можна параўнаць з кастрычніцкім Амальфі!

На шопінг і кавярні тут лепш не замахвацца. Перакусіць дакладна можна дзесьці ў іншым месцы: вулічны фастфуд не ўражвае, а кавярні трохі пужаюць коштамі… Што ж тычыцца крамак, то выпадкова ўбачаныя і сціплыя з выгляду завушніцы “заважылі” аж на 600 еўра – і гэта быў адзін з танных варыянтаў прыгажостак. Магніцікі з лімонамі лічыць не будзем…

Лімоны – талісман і і сімвал рэгіёна Амальфі. Знакаміты лікёр ліманчэла – таксама… Напой прынята падаваць у падмарожаных, халодных чарках. На дэсерт.

Усё ж нешта ёсць і ў самім курортным Амільфі… Чорны вулканічны пясок пляжу, заможныя і спакойныя турысты, бялізна, што вісіць літаральна над галовамі тых самых спакойны турыстаў… Канечне, уражвае і Кафедральны сабор святога Андрэя ў араба-сіцылійскім стылі з мноствам прыступак на ўваходзе…

Жыццё – суцэльны квэст па пераадоленні розных прыступак. Італія – адзін з самых цікавых і неверагодных квэстаў! Варта пачаць – цяжка спыніцца.

Дар’я Ліс для Беларускага Радыё Рацыя