Амерыканец Колін О’Брэдзі першым адзін перасек Антарктыду



Жыхар амерыканскага штату Арэгон Колін О’Брэдзі стаў першым чалавекам у свеце, які перасек Антарктыду адзін без чыёй-кольвек дапамогі, паведаміла выданне „Голос Америки”.

33-гадовы О’Брэдзі перасек белы кантынент за 54 дні.

За яго падарожжам працягласцю 1 500 кіламетраў у рэальным часе праз Instagram сачылі сябры, сваякі і прыхільнікі. Як расказала жонка О’Брэдзі Джэнна Бісоў, на Раство ён сказаў праз тэлефон: „Я гэта зрабіў!”.

О’Брэдзі пісаў, што амаль цэлы час яму даводзілася рухацца ў Антарктыдзе ўгару, а 26 снежня ён паведаміў, што пераадолеў  рэшту шляху – прыблізна 130 кіламетраў – за адзін вялікі заход да фінішнай рысы.

Гэта не першы выпадак, калі чалавек перасякае Антарктыду, але папярэднія падарожнікі атрымлівалі падтрымку і дапамогу.  У 2016 годзе брытанскі даследчык Генры Уорслі загінуў пры спробе здзейсніць адзіночнае падарожжа праз Антарктыду. Ён страціў прытомнасць ад знясілення ў канцы дарогі.

Беларускае Радыё Рацыя