“Апошнія з Магікан” у Галубоўшчыне



Мястэчку Галубоўшчына, што на Маладзечаншчыне, нягледзячы на старажытную гісторыю, што ідзе ад часоў ВКЛ, на росквіт ды дабрабыт не шанцавала.

Не толькі за польскім часам, калі вёска была на самай мяжы з СССР – з часоў царскай Расеі. Цяпер гэта засценак, дзе некалькі хаткаў са старажыламі прытуліліся да адной маляўнічай, з дэкаратыўна-драўлянымі вырабамі, сядзібы з іранічна-пагрозлівым надпісам: “Увага! Гаспадары вельмі добрыя, але ж маюць зусім слабыя нервы. Будзьце асцярожныя!”

IMG_0108

Мне апавядалі старажылы – спадарства Міхась Кісель, 97-гадовая бабця Зінаіда Рабушка ды 57-гадовая яе дачка Валянціна.

Кісель: Паны не далі зямлі чамусьці вяскоўцам напачатку мінулага веку і мала людзей было. У іншых вёсках – во ў Валодзьках па валаке (21 га-В.С. ) на сямейства давалі. А ў нас у Вайтэлях і пры сталыпінскай рэформе не далі. І людзі паехалі ў Амэрыку, Францыю на заробкі. А пры Польшчы ніякіх вытворчых аб’ектаў не было, бо былі “крэсы ўсходні”. Таксама дрэнна: скончыў 7 класаў і далей нікуды, бо беларус і праваслаўны. Каля 40 двароў было пад ярмом польскіх паноў, а тады былі паны сваёй гадоўлі (смяецца )…  

Валянціна нарадзілася тут і пастаянна жыве пасля зыходу на пенсію ў Менску. Зінаіда Іванаўна жа патрапіла сюды ў крывавым 37 мінулага веку. Каток рэпрэсіяў датыкнуўся іх родных.

Валянціна: “Майго бацькі родная сястра цётка Надзя ў Сібіры пабыла па даносу. Яны так і памерлі, не ведаючы за што ўсю сям’ю вывезлі – разам з дзіцём, мужыком. Недзе яны нешта сказалі… Кароў у каго дзве, у каго адна былі. У вёсцы 28 хат. У Міхала, у Максіміхі – па 6, па 10 дзяцей у Галубоўшчыне было…”

Бабця: “Працавала ў калгасе – і сеялі, і садзілі, і гной з хлявоў выкідалі. Не плацілі, толькі ўвосень зерне на хлеб давалі – па грам 400 за працадзень. А саўгас стаў, дык 70 капеек заробіш за дзень. Брыгадзір быў у адпачынку, прыслалі агранома – стала выходзіць рубель 30. Мы кажам тады на брыгадзіра, чаму раней гэтак не было. А ён: я ехаў, вецер як даў і паперы панёс. Гэдак падманваў нас, грошы сабе забіраў…

Валянціна: “Я маленькая была – у жніво быў самы вялікі заробак у 25 рублёў. Пра калгас добрых успамінаў няма…

Кісель: Пры саўгасе лімітаваная была патрэба ў працоўных людзях – столькі-та на фермах, у брыгадах. Моладзь пайшла ў горад, а старыя засталіся. Будучыня – катэджы, лецішчы пабудуюць. Але каб вярнуць маладых з горада – ім трэба даць той заробак, грошыкі. А саўгас не здольны. За фермерствам будучыня, калі іх не будуць душыць. Але яны ўмеюць абыходзіць. Як той казаў, па закону, дык стопча, каля закона – будзеш чысты і харошы!

Вакол Галубоўшчыны невялікія прысядзібныя ўчасткі. Пасярод дзялцы ў 5 сотак лецішча пэнсіянэркі, спадарыні Святланы Леплянін.

Леплянін: “Усё і бульбюачку, і часнык, і трускаўка, лук выкапалі, гуркі. Працавала на птушкафабрыцы, пенсіі мільён семсот паклалі. Зараз інвалід 3 групы. А па інваліднасьці нічога не даюць, толькі Лукашэнка выдзеліў лекі па 50 %…

 РР:Лукашэнка выдзеліў? А колькі ў вас працоўны стаж?

Леплянін: Я сыходзіла – 40 год бяз некалькіх месяцаў. Можа мы зарабілі, гэта ясна, проста на такі выраз прызвычаіліся…

А цяпер – пра галоўную славутасць Галубоўшчыны. Пад 100-гадовай грушай на ўваходзе слупок з надпісам “Галубоўшчына.” А на двары – маляўнічы гарадок з дрэва. Тут і кахлёвы рукатворны калодзеж, сухое дрэва са шпакоўнямі, лаўка з коламі ад гарматаў часоў першай сусветнай. А яшчэ – прыбіральня з кнігамі на паліцах! Гаспадара, 55-гадовага Ігара, жонка Галіна называе фантазёрам. Яна карэнная, ведае свой радавод у трох каленах.

 Галіна: Гэта зямля прадзеда майго – Рабушкі Сцяпана, які яе выкупіў. І раздаваў яе сынам – засценак з трох хат называўся Галубоўшчына. Дом бабуля і дзядуля будавалі ў 30-я гады. 10 га было ў іх зямлі. Забралі камуністы пашу, лес, лугі. Бабуля была гарадская, прыйшлося з малымі дзецмі працаваць на 2 га – конь быў, авечкі, свінчо. У 53 годзе калгас прыйшоў і ўсё туды сышло. Дом удалося ўратаваць, каб не звезьлі ў вёску. Адхланне для душы – месца маляўнічае …

Ігар: А я прыватны прадпрымальнік, гандлюю, як казаў Астап Бэндэр, опіюмам для народа – кнігі, друкаваная прадукцыя…

РР: Рызыкоўны бізнэс сёння, лічыцца, нерэнтабельным…

Ігар: “Чаму, школы яшчэ не закрылі, ездзім па раёнах. Выяжджаем з кніжнымі аўталаўкамі ў Гродзенскую вобласць…

РР: Ясна, што жнівень-верасень гарачая пара. А няўжо ў вёсках і чытаюць яшчэ?

Ігар: Дзіцячая прадукцыя ідзе з малатка – радуе, што ёсць сем’і, дзе ўпіраюць не на кампутар. Я сам чытаў запоем і перакананы, што асноўную інфармацыю можна набыць толькі праз кнігу…

РР: А сур’ёзную літаратуру бяруць?

Ігар: Пад заказ мы возім лячэбную, псіхалягічныя кнігі бяруць, Малахава. Вельмі рэдка бяруць беларускую літаратуру…

Галіна: Калі просяць даць дзецям што-небудзь па-беларуску – ужо вельмі прыемна. Быкава, Караткевіча спытваюць людзі нашага ўзросту…

Ігар: Я ў свае часы зачытваўся Быкавым, бо кнігі нават не ваенныя – псыхалягічныя, дзе пра тое, як паводзіць сябе чалавек, што патрапіў у экстрэмальную сітуацыю – у дадзеным выпадку, вайсковыя дзеі…

РР: Прэзідэнт таксама ж яго вершамі зачытваўся…” (агульны сьмех )

Ігар: О-о-о! Не чапайце ў яго хворае месца !

РР: Скаціны не трымаеце, а гарод?

Галіна: 4 соткі разам з кветнікамі. Калісьці маці вельмі падабаліся кветкі і казала: ой, дачушка няма месца! Ну цяпер 2 соткі ў іх… А, ўвогуле, радавая сядзіба практычна некранутая пасля будоўлі. Бацька адзінае прыстасаваў гаўбец і ашаляваў яе. Ну саломай быў накрыты ў 30 гады…

Ігар: 100 год дому – уяўляеце, якая моц сыходзіць ад яго?! У падвале хавалі прадукты ад партызан – яны маглі ўсіх расстраляць, немцы хоць цукерку пакідалі дзіця, як сама цешча расказвала…

Галіна: Але сказаць пры бацьку, што Сталін дрэнны, дык лаяўся, бо за яго падымаўся ў атаку. Аднак Лукашэнку не любіў…

РР:А на прэзідэнцкія выбары пойдзеце?

Спадарства: Не!.. Не – даўно ўсё выбрана і банкетныя залі заказаныч. Гэта фікцыя!

Тым не менш, сямейства Ігнаценкаў, што мае кватэру ў Менску, кожнае вольнае імгненне думкамі ў мілай сэрцу Галубоўшчыне. Дзе вольнае, чыстае паветра бударажыць гены, заклікае да творчасці. Дзе, як яны кажуць, адыходзяць штормы жахлівага часу ды адчуваюць сябе беларусамі. І – у Беларусі…

 

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя