Авіякампанія «Пабеда» з 16 лютага пачынае рэйсы ў Беларусь



Танныя авіялініі «Пабеда», якія базуюцца ў маскоўскім аэрапорце «Унукава», пачнуць рэгулярныя рэйсы ў Беларусь з 16 лютага. Мінтранс Беларусі паведамляе, што авіякампанія атрымала акрэдытацыю на палёты ў Гомель з 16 лютага і ў Менск з 25 сакавіка.

«Пабеда» падала заяўку на выкананне палётаў з гэтых дат, мы іх пацвердзілі, — сказала Tut.by намеснік дырэктара дэпартамента па авіяцыі Мінтранса РБ Ірына Марозава. Паводле інфармацыі дэпартамента, расійскі лаўкост-перавозчык запытвае штодзённыя рэйсы ў Гомель і Менск.

З прычыны адсутнасці наўпроставых авіязносін паміж РФ і Украінай, гэтыя напрамкі могуць сёння быць цалкам прыбытковымі для авіяперавозчыкаў. Але пакуль не заключаныя дамовы з сэрвіснымі арганізацыямі ў аэрапортах, якія будуць прыймаць рэйсы, і тарыфы на авіяпералёты застаюцца невядомымі.

Чакаецца, што ў сакавіку ў Менск пачне лётаць яшчэ адзін лаўкостар з Санкт-Пецярбурга. Паводле неафіцыйнай інфармацыі фірма «Нордавія» будзе ажыццяўляць абслугоўванне маршруту Санкт-Пецярбург — Менск.