Баранавічы: горад чыгуначнікаў



Вандроўка ў вялікі чыгуначны вузел Беларусі – Баранавічы адбылася ў мяне ў пачатку сакавіка.

Дарога з Гародні да гэтага гораду займае амаль 4 гадзіны, калі ехаць рэйсавым аўтобусам, які спыняецца амаль каля кожнай вялікай вёскі, альбо невялікага гораду Гарадзенскай і Берасцейскай вобласці.

Адразу па прыездзе ў Баранавічы вялікае ўражанне пакідае бадай самы вялікі ў Беларусі музей чыгуначнага транспарту, дзе можна ўбачыць розныя паравозы, цеплавозы і вагоны. Таксама ўражвае тое, што на іх змяшчалася: ці то нейкія вайсковыя прыстасаванні, ці тэхнічныя дапаможныя для грамадзянскага выкарыстання.

Мы накіраваліся пешшу са сваімі знаёмымі ў цэнтр гораду. Першае, што кідаецца ў вочы – вялікая колькасць былой жыдоўскай ці польскай забудовы канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя, якая стаіць амаль у занядбаным стане. Аднапавярховыя цагляныя дамы ўжо і не памятаюць сваіх гаспадароў.

Цэнтр Баранавічаў – гэта двух- альбо трохпавярховыя старыя пабудовы, якія захаваліся пасля ўсіх войнаў. Першая Сусветная вайна пакінула па сабе драўляныя кашары і двухпавярховыя пабудовы штабоў.  Будынкі банкаў і сінагогаў захаваліся ў малой колькасці.

Цэнтральныя вуліцы Баранавіч уражваюць сваёю шырынёю і ствараецца ўражанне, што ты трапляешь у які-небудзь Гомель альбо Магілёў, дзе па Другой Сусветнай зрабілі шырокія праспекты.

У Баранавічы я ездзіў у межах курсаў “Мова Нанова” і вяртацца дадому ў Гародню прыйшлося а першай ночы цягніком, які ледзь знайшоў, бо яго паставілі наводдаль на самым першым чыгуначным шляху.  Раніца Гародні сустрэла мяне дажджом і снегам.

Андрэй Мялешка, Гародня-Баранавічы-Гародня