Беларусь плануе аднавіць перамовы аб пачатку працы лаўкост-кампаніі



Перамовы пра пачатак працы ў Беларусі лаўкост-кампаніі былі прыпыненыя з-за пандэміі, ёсць планы іх аднавіць, паведаміў міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка 12 ліпеня ў эфіры праграмы „Тыдзень” на тэлеканале СТВ.

„Так, у нас было падпісанае пагадненне, ужо рашэнне было прынятае, але на сёння проста ўмяшалася [пандэмія]. Я спадзяюся, мы адновім перамовы. І, вядома, актыўна запрашаем лаўкост-кампаніі ў частцы загрузкі нашых абласных аэрапортаў”, — сказаў Аўраменка.

Ён таксама паведаміў аб планах стварыць другую, больш бюджэтную, беларускую авіякампанію-лаўкост для развіцця канкурэнцыі і перавозак пасажыраў. „Найперш гарадзенскі напрамак разглядаем, аэрапорт Гародні”, — сказаў кіраўнік Мінтранса.

Аўраменка падкрэсліў, што Беларусь „цалкам адкрытая”. „Сёння лаўкост-кампаніі глядзяць, вывучаюць рынак. Ім трэба разумець, якая загрузка будзе”, — дадаў ён.

Міністр выказаў меркаванне, што для працы такой кампаніі варта выбраць пэўныя папулярныя напрамкі, у прыватнасці, перспектыўным можа быць Ізраіль.

belapan.by

[manual_related_posts]