Беларуска-расейскае пагадненне аб узаемным прызнанні візаў



Беларуска-расейскае пагадненне аб узаемным прызнанні візаў плануецца падпісаць да канца 2017 года. Як паведамляе прэс-служба пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, гэта прадугледжана планам мерапрыемстваў на 2017—2020 гады па фарміраванні адзінай міграцыйнай прасторы Саюзнай дзяржавы.

Гэты дакумент быў зацверджаны 16 чэрвеня на пасяджэнні Савета міністраў Саюзнай дзяржавы ў Санкт-Пецярбургу. У плане ўтрымліваюцца як арганізацыйна-прававыя, так і арганізацыйна-практычныя мерапрыемствы. У іх ліку — падрыхтоўка міжнародных дагавораў у сферы міграцыі, гарманізацыя заканадаўства па пытаннях міграцыйнай палітыкі, маніторынг заключаных дагавораў і пагадненняў, правядзенне сумесных аператыўна-прафілактычных мерапрыемстваў, арганізацыя працоўных сустрэч, інфармацыйнае ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва ў сферы кадравага забеспячэння.

Як адзначае прэс-служба, падпісанне пагаднення аб узаемным прызнанні візаў „дасць магчымасць зняць праблему перасячэння расейска-беларускай мяжы грамадзянамі трэціх краін, якая абвастрылася ў апошні час”. „Акрамя гэтага будуць вырашацца пытанні збліжэння працэдур і рэгламентаў выдачы візаў, бакі прапрацуюць магчымасці ўвядзення адзінай візы Саюзнай дзяржавы”, — гаворыцца ў паведамленні.

У плане прадугледжана распрацоўка праекта канцэпцыі міграцыйнай палітыкі Саюзнай дзяржавы і плана яе рэалізацыі на перыяд да 2025 года.

Пра падрыхтоўку міжурадавага пагаднення па ўзаемным прызнанні віз расказаў міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў на прэс-канферэнцыі па выніках сумеснага пасяджэння калегій МЗС Беларусі і Расеі 5 чэрвеня ў Маскве. „Мы завяршаем, я спадзяюся, узгадненне міжурдавага пагаднення, якое будзе прысвечана ўзаемнаму прызнанню візаў і ўзгодненасці дзеянняў па іншых пытаннях, якія звязаны з уездам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы”, — сказаў ён.

belapan.by