Беларускі турпрадукт – у канкурэнтнай барацьбе з расейскім



Беларускі турыстычны прадукт знаходзіцца ў сур’ёзнай канкурэнтнай барацьбе з расейскім, заявіў 9 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Менску старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулы.

Паводле яго слоў, расейскія аператары, якія прадаюць расейскі турпрадукт, могуць абсалютна свабодна рабіць гэта і ў Беларусі без якіх-небудзь перашкод з боку беларускага заканадаўства. А вось беларускія вытворцы турпаслуг у Расеі не могуць гэтага рабіць наўпрост. „Яны павінны ўвесь беларускі прадукт прадаваць праз буйных расейскіх аператараў, якія, згодна з расійскім заканадаўствам, абавязаны мець выязную ліцэнзію”, — сказаў ён.

Гулы адзначыў, што турыстычная Беларусь у Расеі кваліфікуецца як замежжа нароўні з Турцыяй або Францыяй. „Кожны расейскі аператар, які мае права гандляваць замежным прадуктам, плаціць каля мільёна долараў закладу, пацвярджаючы сваю фінансавую заможнасць. Адпаведна, каб мы маглі свой прадукт прадаваць дробным рознічным турыстычным агенцтвам, нам трэба гэтыя грошы заплаціць. А ў нас і бюджэтаў такіх няма, і магчымасцяў”, — растлумачыў ён.

Таму беларускі тавар у Расеі прадаецца па больш высокай цане, а каля 20% звыш кошту дастаецца розным пасрэднікам. „Калі б беларускія кампаніі маглі прадаваць свае туры самастойна, хоць бы наўпрост агенцтвам, то пры абароце ў 100 млн долараў каля 10% можна было б зэканоміць і атрымаць іх у бюджэт, — адзначыў Гулы. — Ці турпакет на 10-15% зрабіць таннейшым для канчатковага спажыўца”.

На яго думку, немалаважны і той фактар, што беларускі прадукт мае вялікую канкурэнцыю з боку Расеі. Там будуюцца санаторыі, ствараюцца экскурсійныя маршруты, рэгіянальныя ўлады ў развіццё ўнутранага турызму ўкладаюць грошы. І да таго ж, самі расіяне імкнуцца адпачываць у сябе.

Заваяваныя з 2008 года па 2012-ы пазіцыі ў турызме беларусам трэба адстойваць, лічыць Гулы. Ён адзначыў, што ў гэтай барацьбе галоўная праблема не столькі рэсурсы, колькі іх сінхранізацыя і кансалідацыя дзеянняў. Спецыяліст падкрэсліў, што ў краіне Міністэрства спорту і турызму, не валодае шырокай уладай, бюджэты на рэкламу і прасоўванне дэсінхранізаваныя. У мясцовых улад сродкі і дзеянні самастойныя, у міністэрстваў культуры і адукацыі свае мэты і задачы.

„Мы зараз разрозненыя, а тыя структуры, якія дэ-юрэ адказваюць за прасоўванне беларускага турпрадукту, дэ-факта не валодаюць ні паўнатой ўлады, ні рэсурсамі”, — завяршыў Гулы.

belapan.by