Беларускія экскурсаводы запусцілі праект салідарнасці



Больш за 20 беларускіх экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў прапануюць куратарства і перакваліфікацыю для людзей, якія страцілі працу ў 2020 годзе па палітычных матывах. Калі вы засталіся без працы праз палітычныя перакананні і хочаце засвоіць прафесію гіда — гэтая прапанова для вас.

«Мы прапануем сваё садзейнічанне ў атрыманні новай прафесіі — экскурсавод.

На дадзены момант турыстычны бізнес Беларусі знаходзіцца ў глыбокім крызісе, і бліжэйшыя паўгода змен чакаць не варта. Але ўжо з красавіка 2021 года турысты вернуцца, і ў шэрагі экскурсаводаў адназначна спатрэбіцца “папаўненне”.

Наша прапанова зацікавіць хутчэй тых, хто даўно хацеў паспрабаваць сябе ў турызме і гатовы вылучыць час на засваенне новай прафесіі.

Мы прапануем куратарства лепшых беларускіх гідаў, якія навучаць вас асноўным метадам нашай працы, пракансультуюць у пытаннях турыстычнага заканадаўства і падзеляцца сакрэтамі развіцця бізнесу ў гэтай сферы. Мы таксама дапаможам вам падрыхтавацца да іспыту на атрыманне пасведчання экскурсавода.

Час і варыянты заняткаў будуць абраныя індывідуальна для кожнага студэнта і ў залежнасці ад колькасці жадаючых», — сказана на старонцы праекта БУДУГІДАМ BY.

Тым, хто зацікавіўся, трэба ўлічваць некалькі важных момантаў:

– прапанова актуальная толькі для тых, хто страціў працу ў 2020 па палітычных матывах;

– праца экскурсавода – гэта самастойны бізнес, а не наёмная праца. Наша ініцыятыва не прапануе працаўладкаванне “тут і зараз”. Ваша занятасць, заробак і характар працы будуць залежаць толькі ад вас;

– рэальная праца пачнецца прыкладна з красавіка-траўня 2021 года;

для ўдалага засваення прафесіі неабходныя добрыя веды па гісторыі і геаграфіі Беларусі (або ў той галіне, у якой вы плануеце працаваць), а таксама ўстойлівае жаданне гэтыя веды пашыраць. Для тых, хто жадае праводзіць экскурсіі на замежных мовах, неабходнае веданне замежнай(-ых) мовы(-ў) на ўзроўні не ніжэйшым за В2. Заяўкі прымаюцца па электронным адрасе [email protected]

У лісце павінна быць указана:

– імя, прозвішча, кантактныя дадзеныя (е-mail, тэлефон);

– адукацыя і прафесійныя навыкі;

– месцы папярэдняй працы і прычыны звальнення;

у вольнай форме напішыце, чаму вас зацікавіла магчымасць стаць гідам у няпростым 2021 годзе.