„Белавія” атрымала пяць зорак за сэрвіс



 Беларуская авіякампанія „Белавія” атрымала пяць зорак за сэрвіс у рэйтынгу амерыканскай пасажырскай асацыяцыі APEX, адпаведная інфармацыя размешчана на сайце асацыяцыі.

Авіякампаніі спаборнічалі ў такіх намінацыях, як „Глабальныя авіялініі”, „Вялікія рэгіянальныя авіякампаніі” і „Лоўкосты”. Беларускі авіяперавозчык атрымаў максімальныя пяць зорак у групе „Вялікія рэгіянальныя авіякампаніі” разам з такімі кампаніямі, як Bangkok Air, Air Astana, Caribbean Airlines, Virgin Australia.

Асацыяцыя APEX (Airline Passenger Experience Association) базіруецца ў ЗША і на працягу чатырох дзесяцігоддзяў спецыялізуецца на ўсебаковым вывучэнні якасці абслугоўвання пасажыраў на паветраным транспарце. Яна ўяўляе сабой сетку кампаній і спецыялістаў, якія імкнуцца забяспечваць сэрвіс сусветнага класа ў маштабах усяго рынку авіяперавозак. У спаборніцтве за званне лепшых у гэтым годзе ўдзельнічалі 470 авіякампаній з усяго свету.

Авіякампанія „Белавія” – буйнейшы авіяперавозчык Беларусі. Базіруецца ў Нацыянальным аэрапорце Мінск і ажыццяўляе з Мінска рэгулярныя рэйсы ў 49 аэрапортаў 28 краін. Флот авіякампаніі налічвае 26 паветраных суднаў (пяць Boeing 737-800, шэсць Boeing 737-500, сем Boeing 737-300, два Embraer-175, два Embraer-195, чатыры CRJ-100/-200).

belta.by