„Белавія” павялічвае колькасць рэйсаў у Маскву, Стамбул, Баку і Тбілісі



„Белавія” атрымала дазвол на выкананне рэйсаў у маскоўскі міжнародны аэрапорт Шарамеццева, паведаміла прэс-служба авіякампаніі.

10 чэрвеня „Белавія” пачне лётаць у Шарамеццева пяць разоў на тыдзень: па аўторках, чацвяргах, пятніцах, суботах і нядзелях.

З 12 чэрвеня авіякампанія пачне лётаць у Стамбул 14 разоў на тыдзень замест 10 разоў. Рэйсы плануюцца два разы на дзень.

З 15 чэрвеня ў два разы павялічыцца колькасць рэйсаў у Батумі — з 7 да 14 на тыдзень (два разы на дзень замест аднаго).

Таксама з 15 чэрвеня плануецца павелічэнне частаты палётаў у сталіцу Грузіі Тбілісі: 11 разоў на тыдзень замест 7 (два разы на дзень па аўторках, серадах, суботах і нядзелях, па адным разе ў астатнія дні).

У сувязі з інцыдэнтам з самалётам Ryanair беларускі перавозчык вымушаны быў адмяніць палёты ў Еўразвяз і над тэрыторыяй Еўразвяза.

На экстранным пасяджэнні савета Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) 27 траўня было прынятае рашэнне правесці расследаванне інцыдэнту з самалётам Ryanair у Беларусі. ICAO павінна падрыхтаваць прамежкавую справаздачу па інцыдэнце да 25 чэрвеня.

Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях супрацоўніцтва з Расеяй 1 чэрвеня заявіў, што дзяржава падтрымае авіякампанію „Белавія” „па ўсіх напрамках”. Паводле слоў Лукашэнкі, ён папрасіў прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна „цалкам адкрыць Маскву”, каб беларусы змаглі паляцець на адпачынак.

belapan.by

[manual_related_posts]