Браслаў у міжсезонне



Браслаў  – курортны горад у Віцебскай вобласці з насельніцтвам каля 10 000 чалавек, месціцца на беразе возера Дрывяты. Гэта цэнтр турызму нацыянальнага значэння, дзе працуюць некалькі тураператараў.

Актыўнае жыццё ў гэтым горадзе віруе менавіта ў летні сезон, калі туды прыязджаюць турысты не толькі з Беларусі, але і з суседніх краін. У міжсезонне актыўнасць у горадзе зніжаецца. Некаторыя турысты нават параўноваюць Браслаў з горадам-зомбі ў гэты час.

Але турыстам, якія прыехалі ў Браслаў упершыню, нават у міжсезонне, знойдзецца што паглядзець. Бо Браслаў – гэта не толькі азёры, але і мястэчка з даволі цікавай і незвычайнай гісторыяй.

А яшчэ гэта даволі рэлігійны гарадок, куды ўлетку прыходзяць сотні пілігрымаў, каб прыняць удзел у каталіцкім фэсце ў гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў. Да таго ж з Браслава паходзіць  і віцебскі біскуп Алег Буткевіч, якога паважаюць беларусы і ўхваляюць каталіцкія вернікі. Нават гісторыя герба горада таксама звязаная з Богам.

Упершыню герб быў атрыманы Браславам 2 чэрвеня 1792 г. па прывілеі польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У хрысціянскай іканаграфіі вока ў цэнтры сонечных прамянёў або ў трохвугольніку  –  сімвал чароўнай сілы або  Тройцы. Вока сімвалізуе назіранне Бога за жыццём і дзеяннямі людзей, трохвугольнік — гэта трыадзінства Бога — Айца, Сына і Духа Святога. Сонца  — сімвала жыцця, агню, які валодае ачышчальнай сілай. “Вока Божае” на гербе Браслава ў сімвалічнай форме перадае Божую апеку над горадам, захоўвае яго ад усіх бед.

А яшчэ горад Браслаў знакаміты сваім Міжнародным фестывалем традыцыйнага мастацтва “Браслаўскія зарніцы”, які сёлета адсвяткаваў сваё 50-годдзе,  святам сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава” і музычным фестывалем Viva Braslav.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара