Чарнігаў на выходныя



Украінскі Чарнігаў, горад які ўпершыню ўзгадваецца ў 907-м годзе, – гэта горад, які жыхару Беларусі лепш наведаць у туры выходнага дня.

Даехаць да Чарнігава найлепш з беларускага Гомеля, маршрутка альбо рэйсавы аўтобус ідзе каля трох гадзін, і гэта з улікам перасячэння мяжы. Кошт даезду да Чарнігава з Гомеля вагаецца ад 6 да 15 рублёў у залежнасці ад перавозчыка.

Ночыць у Чарнігаве магчыма ў вялікай колькасці хостэляў, гатэльчыкаў альбо таксама магчыма зняць кватэру праз украінскія сайты. Хіба самым зручным з’яўляецца сайт doba.ua.

Кошты на кватэры за суткі вагаюцца ад 300 грывен – гэта прыкладна 10 еўра. Калі вы падарожнічаеце ў Чарнігаў з дзецьмі – трэба быць падрыхтаваным да таго, што дзецям не будуць цікавыя старажытныя цэрквы, музеі і іншыя знакамітыя месцы Чарнігава.

Дзецям будуць цікавыя фантаны, крамы з ласункамі, забаўляльныя цэнтры, дзіцячыя кавярні. Едзіць па Чарнігаву нядорага, магчымы праезд маршруткамі, тралейбусамі, якія чамусьці мне ўзгадалі маё савецкае мінулае. Калі маеце ўкраінскі нумар – смела выклікайце таксоўку, праезд па Чарнігаву таксама каштуе нядорага.

Пагуляць у Чарнігаве па парках таксама цікава. Раю наведаць Вал са старажытнымі гарматамі 18 стагоддзя. На Вале, ён жа Чарнігаўскі дзядзінец, можна пабачыць вялікую колькасць цікавых будынкаў, сярод якіх чарнігаўскі Калегіум, Дом Мазэпы і іншыя пабудовы.

Для аматараў містыкі і старажытнасці будуць цікавыя Болдзіны горы. Менавіта тут старажытныя курганы і мачыма патрапіць у Антоніевы пячоры. Праўда, нам гэтым разам патрапіць у пячоры не ўдалося. Аказалася, уваход у пячоры зачынены на выходныя.

Недалёка ад Вала, у самым цэнтры Чарнігава, каля Чырвонай плошчы, знаходзіцца Пятніцкая царква, пабудаваная ў канцы ХІІ стагоддзя. Калі верыце ў містыку – кажуць, у сцяне царквы ўмуруваны камень, які спаўняе жаданні. І той камень трэба ведаць. Бо колькі разоў я трапляю ў Чарнігаў, кожны раз мне паказваюць камень на сцяне царквы і кожны раз гэты камень розны.

Пахарчавацца ў Чарнігаве магчыма ў вялікай колькасці кавярняў на любы густ. Тут і піўныя рэстараны, тэматычныя кавярні, харчэўні, пельменныя. Вельмі раю знакаміты дом піва і мяса «Хряк», для аматараў сала і настоек «Укінскае падполле», цікавы сваім афармленнем і кухняй рэстаран “Бібліятэка”.

Для аматараў шопінгу, ці як у нас кажуць “закупаў”, раю вялікую колькасць супермаркетаў. Бадай cамы вядомы гандлёвы цэнтр – гэта Hollywood Mall. Як кажуць мясцовыя жыхары, гэты гандлёвы цэнтр пабудаваны пад беларусаў і сапраўды на паркінге каля гандлёвага цэнтра вялікая колькасць аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй.

Калі вы вырашылі зрабіць Чарнігаў як стартавую пляцоўку для далейшага падарожжа па Украіне – на два дні вам хопіць цікавых месцаў як для культурнага турызму, так і для месца, дзе магчыма патраціць грошы. Пасля Чарнігава мы рушылі ў сваім падарожжы ў Кіеў. Ехаць да Кіева ўсяго дзве гадзіны, і маршруткі ходзяць кожныя паўгадзіны. Што было з намі ў Кіеве, гэта, як кажуць, ужо іншая гісторыя.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель Чарнігаў