Другое жыццё гарадзенскага лямуса



Далёка не ўсе гарадзенцы хоць раз бачылі ўнікальны помнік драўлянай архітэктуры – старажытны лямус 18-га стагоддзя. А рэч у тым, што ён размешчаны на тэрыторыі Брыгіцкага кляштара за высокімі мурамі. Сам гарадзенскі Брыгіцкі кляштар звонку не ўяўляецца такім вялікім і маштабным, якім ён ёсць насамрэч.

Лямус у двары Гарадзенскага кляштара брыгітак пабудаваны паводле некаторых звестак яшчэ ў 1630-ыя гады, але, праўдападобна, у канцы 18 стагоддзя, у стылі ранняга барока. Гэты двухпавярховы драўляны будынак зроблены з вялікіх брусоў. Першы паверх пачаткова служыў гаспадарчым мэтам, другі паверх некалі быў жылым.

У савецкі час на тэрыторыі кляштара месцілася медыцынская ўстанова. Зараз надыйшоў час паслужыць лямусу турыстычным мэтам. І сапраўды аналагічных будынкаў вельмі мала ў Еўропе, так што горад над Нёманам можа ганарыцца сваім архітэктурным здабыткам.

Зараз у драўляным лямусе ідзе рамонт, замяняюцца балясіны і вокны, ужо адрамантаваны дах.

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара