Другое жыццё Радзівілак



Вёска Радзівілкі знаходзіцца ў маляўнічай мясцовасці ў ваколіцы Сапоцкіна, непадалёк Аўгустоўскага каналу. Ад Гародні гэта на адлегласці каля 30 кіламетраў.

У 19-ым стагоддзі тут была сядзіба роду Гурскіх пад назвай “Свяцк” (не блытаць з больш ведамым Свяцкам роду Валовічаў!). Свяцк Гурскіх часта называлі яшчэ Малым Свяцкам. Да нашага часу захаваліся сядзібны будынак, бровар, гаспадарчыя пабудовы, парк з сажалкамі. Пра руіны гаспадарчых пабудоў раскажам наступным разам, а сёння прапануем паглядзець, які адпачынкавы комплекс паўстае ў гэтым месцы.

Сам сядзібны дом складаецца з трох частак. У 1873 годзе да ранейшага будынку 1828 года гаспадар маёнтку Пётр Гурскі дабудаваў двухпавярховік.

У міжваенны час сядзіба была санаторыем. Апошнія гаспадары маёнтку Юзаф Гурскі і яго маці Марыя прапаноўвалі гасцям багатую бібліятэку, тэнісныя корты, выездку на конях.

У савецкі час да сядзібы дабудавалі яшчэ адзін фрагмент, які істотна папсаваў яе выгляд. Пэўны час у сядзібе месціўся дом-інтэрнат для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і састарэлых. Да продажу ў прыватную ўласнасць будынкі належалі гарадзенскаму прадпрыемству „БелТАПАЗ”.

Аднаўляе старадаўнюю сядзібу прадпрымальнік Віктар Барташэвіч. Ужо ёсць адпаведны турыстычны ўказальнік на галоўнай дарозе, пракладзена асфальтоўка да Радзівілак. Сядзібны дом прадпрымальнік купіў яшчэ ў 2011 годзе на аўкцыёне.

Ладзік Майніч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара