Дубок – унікальная лясная Кальварыя



Даўно марыў пабываць на Астравеччыне ў мясцовасці Дубок, ведамай сваім унікальным лясным хрысціянскім шляхам і штогадовым фэстам. Нагода здарылася толькі сёлетнім ліпенем у час сяброўскага сплаву па Вяллі, якраз праз пару дзён пасля мясцовага парафіяльнага свята, якое прыцягвае сюды ўсё больш людзей. На беразе гэтай дзівоснай і чароўнай ракі каля вёскі Дубок быў наш першы начлег, а з раніцы амаль паўдня ў суправаджэнні жодзішскага краязнаўца Алега Мізулы мы прысвяцілі “пілігрымцы” па лясных святынях.

У Дубку яшчэ з трыццатых гадоў мінулага стагоддзя створана так званая Марыйная Кальварыя (Галгофа). Кальварыяй на нашых землях называюць сакральныя месцы, прысвечаныя культу крыжовага шляху. Закладаліся кальварыі звычайна на пагорках, што мусіла нагадваць пра рэльеф Ерусаліма.

Ксяндзом жодзішкаўскага касцёлу Рамуальдам Дронічам на Мар’янскім Кургане пабудаваная драўляная двух’ярусная капліца Маці Божай Нястомнай Дапамогі, асвечаная 26 траўня 1929 года. У 1934 годзе ўладаннік фабрыкі з Катавіцаў ахвяраваў для капліцы 40-кілаграмовы звон. У 1936 г. створаны прыпынкі Маці Божай – цягам двух кіламетраў устанавілі 7 крыжоў з абразамі, намаляванымі ксяндзом Баляславам Грамзам. У 1937 была збудаваная мураваная капліца.

Кальварыя ў Дубку мае тры каменныя станцыі. Першая – велічная брама, шырыня і вышыня якой сягаюць шасці метраў. Трэцяя станцыя ў выглядзе пячоры з камянёў з фігуркай Маці Божай Балеснай. Яна збудаваная над крынічкай, менавіта гэты ўнікальны помнік відаць непасрэдна з Вяллі. Шостая станцыя – невялікая, квадратная ў плане капліца, мураваная з цэглы і вялікіх камянёў.

Аглядалі мы культавыя пабудовы ў Дубку некалькі гадзін, пагутарылі таксама з ужо нешматлікімі мясцовымі вяскоўцамі. Уся лясная Кальварыя расцягнутая на адлегласці пару кіламетраў на гарыстым левым беразе Вяллі, мясціны тут надзвычай маляўнічыя, а мясцовыя святыні схіляюць вандроўніка да асэнсавання нашага мітуслівага і часам недарэчнага ладу жыцця.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара