Духаўскі круглік – рэканструкцыя вежы віцебскага Ніжняга замка



Духаўскі круглік – мастацкая рэканструкцыя вежы віцебскага Ніжняга замка. Пабудавана ў 2007 годзе. У будынку размешчаны Музей гісторыі Ніжняга і Верхняга замкаў, музей фестывалю „Славянскі базар” і аглядная пляцоўка.

Сучасная гісторыя вежы пачалася з археалагічных раскопак у 1984 годзе, калі быў адкрыты развал падмурка каменнай вежы XIV стагоддзя. Знаходка пераканаўча даказвала наяўнасць у Віцебску двух каменных замкаў – Верхняга і Ніжняга. Ініцыятарам будаўніцтва каменных замкаў быў князь Альгерд.

Першапачатковая мураваная вежа ўваходзіла ў комплекс будынкаў Ніжняга замка, збудаванага ў 1330-1351 гг. Пабудавана была з каменя, цэглы і мелу. найбольш блізкай аналогіяй віцебскаму замку з’яўляецца замак у Крэве.

У сярэдзіне XVII стагоддзя на месцы, да таго часу разбуранай, Нарожной каменнай вежы існавала драўляная васьмікутная вежа, вядомая ў крыніцах пад назвай „Духаўскі круглік”. Сваёй назвай яна абавязана ўласнай форме і Духаўскай царкве, якую пабудаваў князь Альгерд у XIV на Духаўскай гары.

Сучасная пабудова – гэта мастацкая рэканструкцыя вежы XIV стагоддзя, але з назвай вежы XVII стагоддзя. Аўтарскі праект выканаў архітэктар Руслан Лядэнка. Памеры вежы 9,2 х 9,2 м, вышыня – 27 м. Вежа мае 5 узроўняў, на якіх размешены аўтарскія экспазіцыі.

На першым узроўні знаходзіцца адкрыты развал падмурка каменнай вежы XIV ст. і рэшткі абарончых сцен. На другім, трэцім і чацвёртым – музейныя экспазіцыі.

На пятым узроўні знаходзіцца назіральная пляцоўка, з якой адкрываецца панарама Віцебска.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Васіля Кроквы