Душы чыстца



Неапалітанскі касцёл Санта-Марыя-Дэлэ-Анімэ-Пургаторыя звонку мала чым адрозніваецца ад дзясяткаў падобных баракальных касцёлаў, раскіданых па сталіцы Кампаніі.

Усярэдзіне касцёл пышны, урачысты і светлы: узнёслыя анёльчыкі, залачоны дэкор, карціны італійскіх адраджэнцаў.

Нанізе схаваная крыпта – цёмная і змрочная, бы той чысцец. Атмасферу тэатральнага жаху ўзмацняюць чарапы, раскладзеныя ў нішах. Адзін з іх, які нібыта належыць дзяўчынцы Лючыі, заўсёды прыкрашаны свежымі букетамі. Букеты нябожчыцы ўскладаюць маладыя неапалітанскія дзявулі напярэдадні шлюбу. Лічыцца, што Лючыя, якая памерла ад сухотаў на другі дзень пасля вяселля, на тым свеце абавязкова нагадае Пану Богу за маладых нявест.

Доўгая назва касцёла перакладаецца, як “На гонар Божай Маці і душаў чыстца”. Яшчэ ў ХVII стагоддзі ў горадзе дзейнічала свецкая каталіцкая кангрэгацыя  Opera Pia, якая яднала заможных і пабожных неапалітанцаў. Кангрэганты займаліся выключна благачыннасцю: выкупляла землякоў з даўгавога рабства, дапамагала гаротнікамі грашыма і, галоўнае, сваім коштам замаўляла кожнаму памерламу імшу.

Імшы ладзіліся менавіта ў гэтым самым касцёле. Пры гэтым лічылася, што за аблудлых душаў, якія яшчэ не патрапілі ў апраметную, лепш за ўсё маліцца ў падземнай крыпце, якая так нагадвае чысцец.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара