Дзень у Гамбургу



Да найважнейшага порту Нямеччыны ехаць ад Гародні больш за тысячу кіламетраў. Гэта не проста порт Нямеччыны ў свет, але і цікавае з архітэктурнага погляду места. Ужо стагоддзі існуе правіла забудоўваць Гамбург чырвонай цэглай.

Гамбург мае найбольшую колькасць мастоў ды віядукаў у Еўропе (паводле сведчання кнігі рэкордаў Гінэса). Градабудаўнічы прынцып, які зрабіў Гамбург прыдатным для жыцця і адпачынку, вельмі просты. Траціна места займаюць водныя рэсурсы, траціну – жылыя ды вытворчыя пабудовы, а траціну забіраюць зялёныя насаджэнні. Агулам места насычана вялікай колькасцю каналаў, узбярэжнымі, зялёнымі зонамі, і… раёнам чырвоных ліхтароў – вуліцай Рэепербан.

Каб убачыць Гамбург з вышыні палёту птушкі, раю узняцца на панарамную пляцоўку, якая знаходзіцца ў Эльбскай Філармоніі на сёмым паверсе гэтага 25 павярховага гмаха. За два гады пляцоўку адведала 2,5 мільёна гасцей. Сам будынак мае формы хваляў мора. Зручным спосабам спалучаны з прыбярэжным размяшчэннем ля самое Лабы (Эльбы).

Паколькі Гамбург мае вялікую колькасць каналаў, то прапанова пракаціцца на кацеры пад мастамі і паназіраць з цікавых ракурсаў на шматвяковую раскошу партовага места, будзе дарэчы. На раце не сустрэнеш акіянскія грузавыя танкеры, бо рака неглыбокая. Тыя, што трапляюць пад разгрузку ў гамбурскі порт, аблягчаюцца, перад уваходам у фарватар ракі. Грузавы карабель з Ганконга і акіянічныя круізныя лайнеры давялося ўбычыць.

Пераважная большасць жыхароў Гамбургу маюць жыллё ў наём. Набываць жыллё ва ўласнасць – нерацыянальна, праз мабільнасць у пошуках працы. Места дарагое. Сярэдні заробак у Гамбургу найвышэйшы ва ўсёй Нямеччыне – 4 тысячы еўра. У той час, як сярэдні заробак у краіне 3,5 тысячы еўра.

У Гамбургу пашыраны прынцып безбар’ернага асяроддзя, роварныя палосы ляжаць то ў зоне руху аўтамабіляў, то побач з ходнікамі. Увесь рух рэгулюецца светлафорамі.

Жыхары порта ўмеюць пасмяяцца над сабой, пажартаваць, і гэта не выклікае азлаблення. На ратушным пляцы ўбачыў сцэну, як хлопец, апрануты ў жаночую сукенку, сапсаванай шчоткай прыбіраў рассыпанае смецце на пацеху сябрам, якія стаялі і падбадзёрвалі таго побач. Высветлілася, што гэты звычай мае традыцыю. Калі хлопец да 30 гадоў не ажаніўся, то сябры арганізуюць такі „выхад” у людзі свайму не жанатаму сябруку. Пад агульны смех, ён збірае смецце, пакуль не падыйдзе да яго хоць якая суджаная. У дачыненні дзяўчынаў існуе падобнае, але менш акрутнае практыкаванне на пошук суджанага.

Віктар Парфененка, Гамбург, Нямеччына, травень 2019