Джыракастра, Албанія. Каралеўства іржавага жалеза



Амаль уся вайсковая тэхніка, адслужыўшы сваё на баявых дзяжурствах, вучэннях, мілітарных парадах, а то і ў войнах, трапляе ў доменныя печы. Але ж адзінкам шанцуе. Кулямёт становіцца музейным экспанатам. Танкі трапляюць на ганаровыя пастаменты ў гарадах і нават натхняюць паэтаў на творчасць. А спісаныя гаўбіцы, мінамёты і зеніткі знаходзяць апошні прытулак у гістарычных арсеналах.

У арсенале маленькага албанскага гарадка Джыракастра сабраная амаль уся наземная баявая тэхніка, якая ваявала на Балканах цягам першай паловы мінулага стагоддзя.

Вось танкетка “Фіят”, захопленая партызанамі ў італійскіх фашыстаў. Выглядае тая танкетка, рыхтык вінтажная дзіцячая цацка, знойдзеная ў балоце і ў нейкі цуд раздзьмутая да непрыстойных памераў. Вось нямецкая палявая гармата часоў Першай сусветнай. Яна спараджае выключна літаратурныя асацыяцыі з рэмаркавым “На заходнім фронце без зменаў”. Савецкія буйнакаліберныя мінамёты выклікаюць у памяці хіба што дакументальныя кадры пра эпоху “халоднай вайны”.

Пасля экскурсіі па мілітарным каралеўстве іржавага жалеза адразу ловіш сябе на думцы, што за ўвесь час у цябе чамусь ні разу не ўзнікала пытанняў пра калібры, хуткастрэльнасць і колькасць артылерыйскай абслугі. Не згадалася, што ўся гэтая тэхніка яшчэ суадносна нядаўна ездзіла, страляла і забівала.

Можа, таму, што побач з тымі ж гарматамі няма людзей?

А, можа, і таму, што тая ж Албанія даўно ўжо перахварэла на таталітарызм і больш не пагражае суседзям мілітарнымі парадамі і бязглуздымі вучэннямі?

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя