Джыракастра. Магутны замак на магутнай скале



Кожны, хто ўпершыню трапляе ў маляўнічае албанскае мястэчка Джыракастра, адразу звяртае ўвагу на замак, што высіцца па-над гарадком. Замак, складзены з цёсаных камянёў, ашаламляе веліччу і, натуральна, спараджае мастацкія асацыяцыі пра прыгнятальнікаў-феадалаў, варожыя аблогі і крывавыя штурмы.

Дакладны час пабудовы гэтай фартэфікацыйнай спаруды невядомы. Упершыню яна згадваецца ў гістарычных дакументах у ХІV стагоддзі, як “срэбная крэпасць”. Фартэцыю неаднаразва абкладалі ворагі з поўначы, усходу і поўдня і нават бралі яе штурмам – у 1418 годзе туркі ўварваліся ў замак і вырэзалі там усё жывое. Пасля чаго і апанавалі магутную крэпасць на цэлых пяцьсот гадоў. Муры пашыраліся, узводзіліся новыя вежы, казармы,  арсенал і нават акведук кшталту рымскага, прытым на будаўнічых працах зганялі выключна палонных.

З цягам часу фартэцыя прыйшла ў заняпад. Муры аплылі, вежы абсыпаліся, і мясцовыя часцяком выкарыстоўвалі яе, як дармавы склад будаўнічых матэрыялаў.

У шасьцідзесятыя гады ў замку распачалася рэстаўрацыя. І адразу паўстала пытанне: цалкам аднаўляць разбуранае ці “пакінуць, як ёсць”? Перамаг другі варыянт. Шпацыр па замку наводзіць на думку, што дбайная кансервацыя заўсёды лепш за дэкаратыўную рэстаўрацыю. Эстэтычна замак Джыракастры глядзіцца бездакорна.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара