Дзвіна ў Полацку рыхтуецца да летняга сезону



У вялікай ракі чатыры пары года адрозніваюцца вельмі выразна. Найбольш адметная – вясновая, калі рака пакідае свае звычайныя берагі і імкнецца максімальна пашырыць свае рачныя ўладанні. Праўда, яе “апетыт” залежыць ад зімовага патэнцыялу. Калі зіма была цёплай, з малым снежным покрывам, дык і паводка будзе кволай.

Паводле вядомага полацкага краязнаўца сярэдзіны ХХ ст. Івана Дэйніса, сто гадоў таму здараліся ў Полацку на Дзвіне такія паводкі, што вада нават залівала Ніжнепакроўскую вуліцу, якая вядзе да Сафійскага сабора. Але такія паводкі прыканцы ХХ і ў ХХІ стст. ужо не здараліся. А апошнім часам, калі зімы сталі цёплымі і калі нават Новы год ужо нярэдка сустракаем без снегу, дык увогуле Дзвіна ўвесну разліваецца не так актыўна.

Адметная пара на Дзвіне і тады, калі паводка, якая ачышчае ўзбярэжжа ад смецця, спадае, і рака пачынае рыхтавацца да летняга сезону. Яшчэ якія некалькі дзён і трава, і кустоўе на ўзбярэжжы зазеленеюць і Дзвіна набудзе тую прагажосць, якая так пасуе старажытнаму Полацку.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Таццяны Козік