Гародня: у “Спадарожніку” выстава пра спадарожнікі і падарожжы



Гарадзенскае турыстычнае агенства “Спадарожнік” прадстаўляе на сваіх плошчах выставу пра касмічныя спадарожнікі, касманаўтаў, падарожжы ў кіно. Пра ўнікальнасць такой выставы распавядае стваральнік выставы Аляксандр Старыцын:

– З 1957 года пачалося засваенне касмічнай прасторы. І моднае ў той час слова „спадарожнік” стала пачаткам нараджэння нашай турыстычнай арганізацыі. Сёння „Спадарожнік” працуе на былой прасторы Савецкага Саюза ўжо амаль 61 год… На нашай выставе паказваем першых касманаўтаў, якія пакарылі касмічную простору. Гэтымі імёнамі ў той час называліся вуліцы.

Апроч касмічнай часткі, па словах Аляксандра Старыцына, на выставе магчыма пабачыць таксама і розныя значкі, якія прывозілі з падарожжаў гарадзенцы.

– „Спадарожнік” – гэта была турыстычная арганізацыя, якая масава накіроўвала турыстаў і ў сумежныя краіны, і па просторах СССР. У нас прадстаўлена вялікая калекцыя, амаль што тысяча значкоў тут ёсць, гэта зараз магніты прывозяць, а раней людзі прывозілі значкі. З тых мест, дзе былі нашыя гарадзенскія турысты, у нас ёсць значкі.

На выставе таксама прадстаўлены інтэр’ер пакоя савецкай кватэры 60-х гадоў ХХ стагоддзя, а таксама розныя радыёпрымачы і радыёлы, на якіх яшчэ магчыма паслухаць старыя”вінілы”.

Беларускае Радыё Рацыя