Гістарычны сінагогальны двор у Любчы



У адным з матэрыялаў Беларускае Радыё Рацыя расказала пра найбольш цікавыя сінагогі Гарадзеншчыны. Аднак, па за ўвагай засталася даўняя, вартая ўвагі, яўрэйская забудова ў Любчы. Зараз кампенсуем гэты прабел.

Старажытнае мястэчка Любча на Нёмане вядомае яшчэ з пачатку 15 стагоддзя. Да сённяшняга дня тут захаваўся замак 16 ст., пабудаваны магнатам Янам Кішкам. Акрамя яго галоўнымі адметнасцямі мястэчка з’яўляюцца Ільінская царква 1914 г. і дастаткова вялікі так званы сінагогальны двор. Як і ў бальшыні беларускіх мястэчак, значную частку жыхароў Любчы складалі яўрэі. У даваенны час Любча мела 3,5 тысяч жыхароў, з іх каля 2 тысяч – людзі Майсеевай веры. Здаўна яны засялялі прынёманскае мястэчка, мелі тут свой гандаль, культавыя пабудовы, школу, кіркут (могілкі).

Калі царкву і замак відаць з усіх бакоў, то былую местачковую сінагогу адшукаць не так проста. На цэнтральнай плошчы паміж радамі сучасных крамаў пачынаецца малапрыкметная вулачка, якая вядзе проста да мясцовага дому культуры. Гэта і ёсць любчанская сінагога, перабудаваная пасля вайны пад клуб.

Практыка прыстасавання былых культавых пабудоваў пад дзяржаўныя установы тады не была рэдкасцю. Да прыкладу, у Вялікай Бераставіцы будынак старажытнай сінагогі таксама быў выкарыстаны ў 50-ыя гады пад клуб. Тое ж сама і ў мястэчку Ражанка. Як выглядала раней сінагога ў Любчы, адназначны адказ даць цяжка – будынак зменены грунтоўна. Па некаторых звестках бажніца была ўзведзена яшчэ ў 19 ст.

Літаральна насупраць сінагогі праз дарогу стаіць закінутая прадаўгаватая пабудова з цаглянымі сценамі і двухсхільным дахам, на комінах якога ўлетку селяцца буслы. Гэта – былая “міква”, рытуальная яўрэйская лазня, мыццё ў якой звязанае ў першую чаргу з ачышчэннем душы і цела ад грахоў. Паходзіць будынак таксама з 19 стагоддзя.

Яўрэі звычайна наведвалі мікву ў пятніцу ўвечары перад надыходам суботняга свята Шабас.

З тыльнага боку сінагогі прыцягвае ўвагу яшчэ адзін мураваны дом з мансардавым дахам. Некалі ў ім дзеіў хэдэр – пачатковая школа для яўрэйскай дзятвы. Наведвалі яе толькі дзеці іўдзеяў ва ўзросце 3-6 гадоў. Настаўнікі (меламеды) вучылі дзятву асноўным паняткам Торы, чытаць і пісаць літары на іўрыце.

Сёння былы будынак былой школы з’яўляецца жылым домам, які засяляюць некалькі сем’яў. Характэрна, што сінагога, міква і хэдэр знаходзяца ў адным месцы, ўтвараючы такім чынам адзіны сінагогальны комплекс (двор).

Сяргей Лушчык для Беларускага Радыё Рацыя, фота Уладзіміра Хільмановіча