Івана-Франкоўск: жнівеньскае падарожжа гарадзенца



У пачатку жніўня 2017 году мне разам з сям’ёй удалося патрапіць ў Івана-Франкоўск, былы Станіславоў. Ехалі мы ў гэтае месца цягніком са Львову. Квіткі былі, як нам падалося, вельмі танныя – прыкладна за 75 грывен, гэта каля 6 беларускіх рублёў, уся сям’я (я, мая жока і малое 4-х гадовае дзіцё) плацкартным цягніком даехалі да Івана-Франкоўска, ці, як кажуць мясцовыя, да Франкоўска ці скарочана “Франыка”.

Як кажуць, “тэатр пачынаецца з гардэробу”, так і Івана-Франкоўск для нас пачаўся чыгуначным вакзалам, дзе мясцовыя таксісты адмовіліся нас везці на замоўленую кватэру. Таксісты, як кажуць, “заточаныя”, ці  адмыслова ездзяць ў Карпаты. Іх галоўныя маршруты – гэта Ярэмчэ ці Букавель. Для таго, каб выклікаць таксі нам прыйшлося квартал прайсці па спякоце амаль ў 30 градусаў.

Кватэры ў Івана-Франкоўску на суткі каштуюць каля 10-12 еўра, калі іх зарання замаўляеш на сайце doba.ua – такі ўкраінскі аналаг букінга альбо airbnb.  У Івана-Франкоўску мы жылі каля 3-х сутак і  кватэру здымалі ў спальным раёне недалёку ад цэнтра гораду.

Горад уражвае сваёй архітэктурай, нібы трапляеш у такія польскія гарады як Лодзь ці Люблін. Старыя будынкі дагледжаныя, а пешаходная вуліца мае вялікую колькасць кавярняў і бараў на любы густ. Таксама ўразіла тое, што ў Івана-Франкоўску было вельмі шмат розных помнікаў знакамітым асобам рознага перыяду: Міцкевіч і розныя князі ці цары, помнікі скаўтам і хрышчэнню Кіеўскай Русі. 

Для дзіцёнка ў жнівеньскую спёку галоўным уратаваннем былі фантаны, старыя і новыя, у якіх ніхто не забараняў плёскацца. Таксама па горадзе стаяла вялікая колькасць парасолікаў, з якіх пырскалі ваду.

Цэрквы і культавыя пабудовы ў Івана-Франкоўску сабраныя нібы ў адным месцы. Армянская Царква і былы  езуіцкі манастыр, уніяцкі сабор і касцёл Панны Марыі – мне падалося, што яны знаходзяцца ледзь не ў ста метрах адзін ад аднога.

Вельмі ўразіла ратуша з гадзіннікам у самым цэнтры гораду. Адзіная ва Ўкраіне ратуша, пабудаваная ў стылі мадэрн і ў форме польскай ўзнагароды – крыжа Virtuti Militari. У ратушы знаходзіцца краязнаўчы музей, аднак туды гэтым разам мы не патрапілі. Але затое наведалі некалькі гастра-бараў, што знаходзяцца амаль перад уваходам у ратушу.  Меню ў такіх установах рознае, але раю паспрабаваць мясцовага крафтавага піва і рэбры на мёдзе. Для вегетарыянцаў таксама можна паспрабаваць розны фалавель з разнастайнымі соўсамі.

Кухня ў Івана-Франкоўску таксама вельмі разнастайная: ад нацыянальнай украінскай з рознымі блюдамі да еўрапейскай, дзе можна пакаштаваць розныя закускі. Піўныя бары, ці як кажуць піўныя клубы, таксама вельмі разнастайныя. На паўкіламетры пешаходнай вуліцы Незалежнасці я налічыў каля трох дзесяткаў розных бараў, кавярняў і рэстаранчыкаў. Кошты на піва нават у здавалася б дарагіх рэстаранах амаль не адрозніваліся 20-30 грывен  (30 грывен – 1 еўра) за паўлітровы бакал піва. А за 200 грывен можна паесці ўсёй сям’ёй.

Для тых, хто едзе ў Івана-Франкоўск на некалькі дзён, раю наведаць не толькі пешы цэнтр гораду, але і адысці крыху ўбок, у спальныя раёны гораду. Тут магчыма ўбачыць горад троху ў іншым свеце. У спальных раёнах ствараецца ўражанне, што гэта город стаматалогіі і аптэкаў. Яны тут праз кожныя 50-100 метраў.  Мясцовыя кажуць, што гэта не толькі з-за стаматалагічнай вучэльні, але і з-за вялікай колькасці турыстаў, што прыяджаюць сюды і ў Карпаты адпачываць.

Перасоўвацца па горадзе лепей таксоўкай, кошты на якія вельмі дэмакратычныя. Напрыклад, пераезд  таксоўкай з нашага жытла да аўтавакзала ў іншы раён гораду каштаваў каля 30 грывен.

Назад у Львоў мы з’язджалі аўтобусам і кошт праезду за гэтыя амаль 150 кіламетраў быў 150 грывен  (каля 5 еўра за ўсю сям’ю). Спадзяюся, наступным разам Івана-Франкоўск стане адпраўной кропкай для далейшага падарожжа ў Карпаты.

Андрэй Мялешка,  Гародня – Івана-Франкоўск – Львоў

Фота аўтара