Каля 50 беларускіх грамадзян не змаглі выехаць з краіны



З пачатку сезона адпачынкаў прыблізна 50 грамадзян Беларусі не змаглі выехаць за мяжу з-за несапраўднага пашпарта. Як паведамляе Дзяржпагранкамітэт, у асноўным яны спрабавалі перасячы мяжу на падставе пратэрмiнаваных дакументаў, з парванымі і размаляваныя старонкамі, размытымі фатаграфіямі і пячаткамі.

„Толькі за два мінулыя дні восем нашых суайчыннікаў паказалі памежнікам несапраўдныя пашпарты”, — адзначаецца ў рэлізе.

Да прыкладу, жыхарка Салігорска не змагла выехаць цераз пункт пропуску „Новая Гута”, бо яе пашпарт не дзейнічае ўжо 12 гадоў. У пунктах пропуску „Новая Рудня”, „Славечна” і „Аляксандраўка” ў дзвюх жанчын і мужчыны былі канфіскаваныя несапраўдныя дакументы — два пратэрмінаваныя і адзін з адсутнымі старонкамі, якія самастойна спрабавалі ўклеіць, сапсаваным вільгаццю фота. У пункце пропуску „Весялоўка” малады чалавек падаў пашпарт, што знаходзіўся ў спісе згубленых або выкрадзеных.

„У выніку няўважлівага стаўлення да свайго асноўнага дакумента грамадзяне былі прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне рэжыму дзяржаўнай мяжы. Іх падарожжа завяршылася, так і не пачаўшыся”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Дзяржпагранкамітэт нагадвае, што перад замежнай паездкай трэба абавязкова правяраць дзейнасць пашпарта, каб пазбегнуць такіх сітуацый.

БелаПАН