Касцёл і царква ў Міжэрычах



Калі прыязджаю ў вёску Міжэрычы Зэльвенскага раёна, заўсёды прыгадваецца заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Баляслаў Сяўко (1940-2002). Ён быў адсюль родам, ён любіў сваю родную вёску і заўсёды вяртаўся дамоў, хаця ўсё сваё нядоўгае жыццё адпрацаваў артыстам Нацыянальнага Акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску.

Міжэрычы не любіць немагчыма. Цудоўная беларуская вёска, прыгожае мястэчка  з касцёлам і праваслаўнай царквою здалёк прыцягваюць увагу вандроўнікаў. І абмінуць Міжэрычы яшчэ ніхто не рызыкнуў. Тут такая ціша, спакой і натхненне, што сюды хочацца вяртацца і вяртацца, каб проста пахадзіць, паглядзець, падумаць і памаліцца.

Міжэрычы напачатку XVII стагоддзя былі ўласнасцю гаспадарскага маршалка Войцеха Клочкі, які заснаваў у вёсцы касцёл, дзе знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай. У 1560-1570-я гады Міжэрычы былі гаспадарскім уладаннем Дольскіх. А потым – уласнасцю князёў Вішнявецкіх. У першай палове 1800-х гадоў у маёнтак Міжэрычы ўваходзілі дзве вёскі, адзін фальварак, дзевяць двароў бабылёў, царква і крама…

Прыгажосцю Міжэрычаў з’яўляюцца касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі і царква Святой Ганны.

Будаўніцтва касцёла пачалося ў 1907 годзе, а восенню 1912 года ксёндз канонік Тарасевіч урачыста кансекраваў яго. У гады ваюючага атэізму храм быў гаражом для трактароў і паціху руйнаваўся. Але пасля развалу савецкай імперыі, касцёл перадалі вернікам. Сёння там знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Міжэрыцкай.

Вялікую справу ў адраджэнне каталіцкай веры сярод прыхажан міжэрыцкай парафіі зрабіў Ян Банькоўскі. Пробашч пісаў кнігі, распаўсюджваў сярод вернікаў духоўную літаратуру па пытаннях маралі і гуманізму. За час сваёй працы ў Міжэрыцкім касцёле Ян Банькоўскі выдаў кнігі “Над Нарвай, Нявой і Нёманам”, “Слова Божае на Беларусі”, “Харцэрства польскае на Беларусі”, збіраў звесткі пра касцёл і вёску Міжэрычы. Менавіта ён быў ініцыятарам стварэння пры касцёле музея гісторыі парафіі і вёскі Міжэрычы.

Царква Святой Ганны ў Міжэрычах упершыню згадваецца ў 1907 годзе. Праз два гады царква пачала дзейнічаць. Але ў 1957 годзе яе закрылі і ў храме зрабілі збожжасховішча. І толькі праз 30 гадоў царкву аддалі вернікам і пачаліся рэстаўрацыйныя работы. У 1989 годзе царква Святой Ганны аднавіла сваю дзейнасць і да сённяшніх дзён яна кліча да сябе вернікаў.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Зэльвенскі раён

Фота аўтара