Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы



Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — помнік архітэктуры пачатку XX стагоддзя. Знаходзіцца пры ўездзе ў старажытнае мястэчка з боку Дрысы, на беразе ракі Росіца. Помнік архітэктуры неараманскага стылю.

Першыя звесткі пра каталіцкую святыню ў Росіцы датуюцца 2-й паловай XVI ст. У 1778 годзе з фундацыі М. Т. Лапацінскага ў мястэчку збудавалі невялікі драўляны касцёл, асвечаны ў 1792 годзе. Новы касцёл з чырвонай цэглы пачалі будаваць у 1906 годзе, урачыстая кансэкрацыя святыні адбылася 20 студзеня 1911 году.

Па 1917 годзе савецкія ўлады зачынілі касцёл.

16-18 лютага 1943 года падчас карнай аперацыі „Зімовае чараўніцтва” вёска Росіца была знішчана, а 1528 мірных грамадзян забіты. Сярод загінулых былі тыя, хто служылі ў Росіцкім храме – каталіцкія святары кс. Юрый Кашыра і а. Антоній Ляшчэвіч, адзін з якіх быў спалены з іншымі жыхарамі, а другі – застрэлены за настойлівыя просьбы выратаваць дзяцей (па іншых звестках таксама спалены). 13 чэрвеня 1999 году папа рымскі Ян Павел II беатыфікаваў забітых святароў.

Пасля вайны ў будынку касцёла размяшчаліся клуб, стайні, склад збожжа, млын. У 1988 годзе будынак храма ў цалкам занядбаным стане быў вернуты Каталіцкай царкве. Рэстаўрацыя касцёла ішла ўсе 90-я гады. 19 жніўня 2000 года біскуп Уладзіслаў Блін правёў паўторнае асвячэнне храма.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Васіля Кроквы