Касцёл Святой Кацярыны ў Вільні
Адзін з найпрыгажэйшых касцёлаў віленскага барока – касцёл Святой Кацярыны ў Вільні. Ён месціцца ў Старым горадзе на вуліцы Вільняўс. Пры касцёле пабудаваны і кляштар бенедыктынак.
Гісторыя пабудовы гэтага помніка архітэктуры сягае ў 1620 год, калі Мікалай і Кацярына Гарадзінскія ў сваёй камяніцы размясцілі некалькі законных сясцёр з Нясвіжа. Але яны памерлі і не паспелі ўзаконіць фундацыю. У 1622 годзе фундатарам кляштара стаў біскуп Валовіч, які запрасіў туды 12 манашак.
У 1632 годзе быў пабудаваны і асвечаны драўляны касцёл, а праз 18 год пабудавалі ўжо мураваны храм.
Касцёл быў пашкоджаны пры штурме горада маскоўскімі войскамі ў вайну 1655-1661 гадоў. Адбудавалі храм у 1703 годзе і асвяцілі ў гонар Святой Кацярыны.
У скверы перад касцёлам у 1922 годзе адкрылі помнік кампазітару Станіславу Манюшку, зроблены скульптарам Баляславам Балзукевічам. Ён стаіць на пастаменце, які застаўся ад помніка Аляксандру Пушкіну, бюст якога эвакуявалі з Вільні ў 1915 годзе.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
