Харвацкія краявіды



Беларусы найчасцей асацыююць Харватыю з пляжным адпачынкам, гасціннымі людзьмі і, безумоўна, узброеным канфліктам з Белградам першай паловы дзевяностых. Аматары гісторыі, напэўна, прыгадаюць старарымскія і сярэднявечныя помнікі, якія выдатна захаваліся ў краіне. А аматары футбола – апошні Чэмпіянат свету, на якім харвацкая зборная сенсацыйна здабыла другое месца.

Але Харватыя – не толькі пляжы, дружалюбныя ўсмешкі, слівовіца з сырам “пажскі”, помнікі загіблым за незалежнасць і акультураныя руіны. Гэта карказломныя краявіды, якія можна пабачыць хіба што ў снах. Шляхетны смарагд Плівіцкіх азёраў, золата і блакіт Рыўеры, фантастычныя водаспады, нацыянальны парк Крка, што знаходзіцца непадалёк горада з дзіўным для беларускага вуха назовам “Шыбенік”…

Напэўна, адзіны мінус – шалёныя кошты ў гатэлях і кавярнях каля тых азёраў, водаспадаў і лясоў. Філіжанка кавы каштуе ўдвая даражэй, чым у суседняй Італіі пры сярэдняй зарплаце ўдвая ніжэйшай.

Прытым прычыны гэтага не могуць патлумачыць нават мясцовыя жыхары. Мо ў кошт кавы аўтаматычна ўключаецца даплата за агляд краявідаў?

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя