Храмы Жодзіна



Першая згадка Жодзіна ў гістарычных дакументах адносіцца да 1643 году – на берагах ракі Пліса і Жодзінка Багуслаў Радзівіл заснаваў мястэчка пад назвай Багуслаў Поле ў складзе Вялікага княства Літоўскага. У 1665 годзе ў ім было 97 дамоў, 2 млыны, 92 гандлёвыя крамы і адна царква. У 1669 годзе пералічваюцца ўжо дзве царквы: Пятроўская і царква Святой Тройцы. Падчас Паўночнай вайны (1700-1721 гг.) Пятроўская царква згарэла і больш не аднаўлялася. Траецкая царква ў 1745 годзе была пераведзена ва ўніяцтва і асвечана ў гонар святых Пятра і Паўла.

У 1781 годзе мястэчка атрымлівае сваю цяперашнюю назву – Жодзіна, а з 1793 гада Жодзіна ўваходзіць у склад Расейскай імперыі ў якасці вёскі Смалявіцкай воласці Барысаўскага павета.

У 1863 годзе на месцы старой разбуранай уніяцкай Петрапаўлаўскай царквы заклалі праваслаўную драўляную Міхайлаўскую царкву. Гэты культавы будынак захаваўся ў Жодзіне нават пасля Другой сусветнай вайны.

У снежні 1960 году жодзінская Свята-Міхайлаўская праваслаўная царква была знесена сіламі вайскоўцаў ваеннага гарадка Печы.

Рэлігійнае жыццё ў Жодзіне пачала актыўна аднаўляцца прыканцы 80-х гадоў, што запатрабавала ўзвядзенне культавых будынкаў. Сёння ў Жодзіне дзейнічаюць тры праваслаўныя цэрквы і каталіцкі касцел.

Першым храмам, у 1991 годзе, пабудавалі драўляную Міхайласкую царкву.

Храм вядомы ў Беларусі тым, што ў ім захоўваецца абраз «Маці Божая ахвяр Чарнобыля», аўтарства мастака Аляксея Марачкіна. Гэты абраз добра вядомы па акцыям апазіцыі Чарнобыльскі шлях, калі абраз праносілі дэманстранты па вуліцах Менска наперадзі калоны.

Побач з Міхайлаўскай царквой напачатку ХХІ ст. была пабудавана цагляная Петра-Паўлаўская царква.

Абедзе гэтыя царквы пабудаваны побач са старымі гарадскімі могілкамі.

Яшчэ адна праваслаўная царква з’явілася прыканцы ХХ стагоддзя ў новым раёне за Маскоўскай шашой. Яна атрымала назву ў гонар абраза Божай Маці «Збавіцельніца».

А на новых гарадскіх могілках была пабудавана капліца Святога Міхаіла Арханёла.

У 2003 годзе непадалёку ад царквы ў гонар абраза Божай Маці «Збавіцельніца», бліжэй да гарадской бальніцы, паўстаў і касцёл Маці Божай Фацімскай. Сёлета 13 траўня пасля Імшы, якую цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у жодзінскім касцёле, іерарх аб’явіў аб устанаўленні касцёла Маці Божай Фацімскай у Жодзіне дыяцэзіяльным санктуарыем.

Варта яшчэ адзначыць, што на пасёлку Зарэчча рэлігійная абшчына хрысціян Веры евангельскай „Царква Святой Тройцы” уласнымі сіламі перабудоўвае былы саўгасны клуб у сваю царкву.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара