Краіна бункераў і мерседэсаў



Жыла-была адна краіна. Звалі яе Албанія. Кіраваў гэтай краінай верны ленінец-сталінец Энвэр Хаджа. Ён расстрэльваў людзей без суда і следства, заганяў народ у калгасы, забараняў слухаць джаз і нават абвесціў «імперыялістычнай заразай» джынсы, касметыку і жуйку. Албанская спецслужба «Сігурымі» пільна адсочвала «ідэалагічных адшчапенцаў» і бязлітасна кідала іх у турмы; усяго за часы Энвара Хаджы ў вязніцах і лагерах пабывала амаль траціна албанцаў.

Ад сярэдзіны сямідзесятых Албанія апынулася ў абсалютнай ізаляцыі, і Хаджа звар’яцеў канчаткова: ён загадаў збудаваць каля кожнага дому і на марскім узбярэжжы бетонныя бункеры, каб у разе нападу імперыялістаў кожны дарослы албанец пераседзеў там ядзерны выбух і потым адстрэльваўся да апошняга набою.

Энвэр Хаджа, зжыраемы дэманамі марксізма-ленінізма, памёр у 1985 годзе. У 1991 годзе ў Албаніі адбылася дэмакратычная рэвалюцыя, пасля чаго краіна пачала паціху адкрывацца свету. Новыя ўлады дазволілі прыватны бізнэс, рэлігію, рок-н-рол і вольны выезд за мяжу. Албанцы, якія папнуліся працаваць у суседнія Італію і Грэцыю, напрывозілі адтуль процьму патрыманай аўтатэхнікі, прытым «мэрсэдэсы» чамусь былі ў іх ці не самымі папулярнымі машынамі…

Пасля праўлення Энвара Хаджы ў Албаніі засталося каля 770 000 бункераў. Старых «мерседэсаў», мяркую, ніяк не менш. Сярод іх трапляюцца і заслужаныя ветэраны аўтазвалак, якіх ужо не сустрэць нават у самых дэпрэсіўных беларускіх вёсках. Што рабіць з бункерамі – ніхто не ведае. У некаторых адкрываюць кавярні і крамы, але большасць так і стаіць закінутымі. А вось аўтапарк «мерседэсаў» паціху абнаўляецца. Аднак, як то ні дзіўна, Энвэр Хаджа па-ранейшаму даволі папулярны ў людзей, якія заспелі яго кіраванне. Нярэдка які-небудзь пяцідзесяцігадовы дзядзька, дзеці якога вучацца ў якіх Бельгіі ці Аўстрыі, павяртаецца на навюткім «мерседэсе» ад уласнай рэстарацыі, пераробленай з бункера, уключае італійскі кававы апарат, сядае з філіжанкай перад японскім тэлевізарам і, гледзячы камуністычную хроніку, настальгічна ўздыхае: «А ўсё ж за часамі Энвэра Хаджы быў парадак!.».

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя