Лаўкостар „Пабеда” адмовіўся лятаць у Менск



Расейскі лаўкостар „Пабеда” адмовіўся ад палётаў у Менск з-за высокіх тарыфаў на абслугоўванне ў аэрапорце. Гэтую інфармацыю БелаПАН пацвердзілі ў прэс-службе кампаніі.

„Пабеда” пацвярджае адкліканне слотаў і прыпыненне перамоў з аэрапортам Менска”, — паведамілі ў прэс-службе.

У канцы мінулага тыдня генеральны дырэктар нацыянальнага аэрапорта Мінск Дзмітрый Мелікян паведамляў журналістам, што расейскаму лаўкостару прапанавалі такія ж тарыфы, як і іншым расейскім авіякампаніям. Паводле яго слоў, 8 лютага адбылася сустрэча з прадстаўніком „Пабеды”. „Мы растлумачылі, што тарыфы, прапанаваныя ім, нічым не адрозніваюцца ад тарыфаў, паводле якіх працуюць „Аэрафлот”, „Ютэйр”, „Ямал”. Гэтыя тры расейскія авіякампаніі на рэгулярнай аснове ажыццяўляюць рэйсы ў Менск. Ніякіх спецыяльных завышаных тарыфаў для „Пабеды” няма”, — заявіў Мелікян інфармагенцтву БелТА.

У „Пабедзе” лічаць, што расейскія авіякампаніі не павінны абслугоўвацца ў Менску паводле тарыфаў нерэзідэнтаў, у той час як „Белавія” абслугоўваецца ў Маскве паводле тарыфаў для расейскіх кампаній.

„Перамовы з аэрапортам Менска не будуць адноўленыя да таго часу, пакуль не будуць створаныя роўныя ўмовы па коштце абслугоўвання ў аэрапортах Расеі і Беларусі для расейскіх і беларускіх перавозчыкаў”, — адзначылі ў прэс-службе кампаніі.

У снежні мінулага года „Пабеда” атрымала дазвол ад беларускіх авіяцыйных уладаў на палёты па маршрутах Санкт-Пецярбург — Менск і Масква — Гомель.

Крыніца ў расейскай кампаніі паведаміла інтэрнэт-газеце БелаПАН Naviny.by, што і палёты ў Гомель таксама пад пытаннем. „Пазіцыя беларускіх уладаў не зусім зразумелая, таму адкрыццё рэйсаў пад сумненнем”, — сказаў суразмоўца.

„Пабеда” не першы раз спрабуе выйсці на беларускі рынак авіяперавозак. У 2015 годзе лаўкостар таксама скардзіўся на загараджальныя тарыфы з боку аэрапорта. У сваю чаргу беларускія авіяцыйныя ўлады сцвярджалі, што расейскі авіяперавозчык не падаў усе дакументы, неабходныя для акрэдытацыі.

Кампанія „Пабеда” ўваходзіць у групу „Аэрафлот”. Яна размяшчаецца ў падмаскоўным аэрапорце Унукава і ажыццяўляе палёты па Расеі, у Арменію, Германію, Грузію, Італію, Іспанію, Казахстан і іншыя краіны.

belapan.by