Літоўская мытня ўзмоцніць кантроль за тымі, хто перасякае мяжу з Беларуссю



Літоўская мытня ўзмоцніць кантроль над тымі, хто часта перасякае літоўска-беларускую мяжу. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні ведамства.

За першыя чатыры месяцы года літоўска-беларускую мяжу перасекла амаль у чатыры разы больш аўтамабіляў (усяго больш за 124 тысячы), чым за аналагічны перыяд мінулага года. Літоўскія мытнікі заўважылі тэндэнцыю, што з моманту ўвядзення бязвізавага рэжыму некаторыя ездзяць на машынах у Беларусь па некалькі разоў за месяц. Большасць кіроўцаў не ўтойваюць, што робяць гэта дзеля пакупкі танных цыгарэт, паліва і прадуктаў.

«Падобна на тое, справа не толькі ў атрыманні больш таннага паліва і іншых тавараў для ўласных патрэб. Са свайго боку, павінны ацаніць патэнцыйныя рызыкі і, асабліва сёння, небяспекі нелегальнага бізнэсу», – заявіў кіраўнік Мытнага дэпартамента Літвы Дарус Жвіронас. Паводле яго слоў, літоўская мытня прыме меры – узмоцніць кантроль за асобамі і транспартнымі сродкамі, якія часта перасякаюць мяжу з Беларуссю. У ведамстве таксама адзначылі, што ў сувязі з уведзенымі прэвентыўнымі мерамі і ўзмацненнем жорсткасці кантролю можа знізіцца прапускная здольнасць транспартных сродкаў на літоўска-беларускіх памежных пастах.

Нагадаем, у Беларусі да канца года ўвялі „бязвіз” для грамадзян Літвы і Латвіі. З сярэдзіны красавіка, паводле звестак Дзяржаўнага памежнага каміта Беларусі на 13 чэрвеня, у краіну па «бязвізе» прыбылі 63 342 замежнікі, з іх 43 149 — грамадзяне Літвы.

[manual_related_posts]