Люксембург – першая краіна з дармовым грамадскім транспартам



У Люксембургу з суботы, 29 лютага, увесь грамадскі транспарт – цягнікі (за выняткам праезду вагонам першага класу), аўтобусы (акрамя шэрагу начных рэйсаў) і трамваі – стаў дармовым. Пра гэта паведаміў рэсурс www.dw.com.

Як патлумачылі ў міністэрстве ўстойлівага развіцця герцагства, у структуру якога ўваходзіць дэпартамент транспарту, падобныя меры раней уводзіліся асобнымі гарадамі, але ўпершыню яны распаўсюдзіліся на ўсю тэрыторыю асобнай цэлай краіны.

Паводле задумкі ўладаў гэты крок зроблены дзеля таго, каб вызваліць дарогі ад мноства машын. Штодзённа каля 200 тысяч чалавек з Германіі, Францыі, Бельгіі ездзяць на працу ў Люксембург.

Перамены, якія ўлады назвалі „важнай сацыяльнай мерай”, закрануць амаль 40% жыхароў. Забеспячэнне цалком дармовага праезду запатрабуе дадатковых выдаткаў – каля 41 мільёна еўра ў год, якія будуць атрыманыя праз падаткі.

Плошча Вялікага Герцагства Люксембург складае 2 590 квадратных кіламетраў. Насельніцтва краіны 607 тысяч чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя