Мафія несмяротная, або Гішпанскі квартал Неапаля



Не давайце веры турыстычным даведнікам, сайтам пра падарожжы, парадам гідаў і нават сведчанням відавочцаў.

У Неапалі вам абавязкова раскажуць, што ў Гішпанскі квартал хадзіць катэгарычна нельга. Маўляў – менавіта у тых мясцінах і з’явілася “камора”, неапалітанская мафія, якая дагэтуль рэкрутуе там баевікоў. Што ў гэтым раёне штодня рабуюць, выкрадаюць і забіваюць. І калі ў вас там толькі адбяруць мабільнік і гатоўку – то дзякуйце Богу, што яшчэ не зарэзалі.

Гішпанскі квартал сапраўды выглядае змрочна: вузкія вуліцы ХVII стагоддзя, дзе адразу ўяўляеш сябе гэткім кабальера, на якога палююць забойцы з навостранымі стылетамі. Аблушчаныя сцены, старажытная брукаванка. Але рознакаляровыя гронкі бялізны з гаўбцоў – візітоўка Неапаля! – прыўносяць у суворую сярэднявечную атмасферу элемент вясёлага хаосу.

Населены Гішпанскі квартал усмешлівымі і добразычлівымі людзьмі, а не кінематаграфічнымі бандытамі. Мажліва, гэта сапраўды пераапранутыя мафіёзі, але ніякай агрэсіі да гасцей яны не выяўляюць.

Непадрыхтаванага госця можа напалохаць хіба што масянжовая галава Пульчынэлы, класічнага персанажа італійскай камедыі дэль артэ. Галава хаваецца ў цёмным завулку, прытым абцёрты нос Пульчынэлы блішчыць у паўцемры, бы бязлітасны кінжал. Мажліва, нос Пульчынэлы павыціралі рукамі цікаўныя турысты. А, можа, на яго сапраўды кладуць рукі будучыя чальцы “каморы”, даючы клятву вернасці злачыннай арганізацыі.

Хто іх там у Неапалі ведае?

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара