Магістральную веладарожку ў Менску плануецца працягнуць



Магістральную веладарожку ў Менску плануецца працягнуць, паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама Міхаіл Пракапенка на прэс-канферэнцыі 20 жніўня.

Паводле яго слоў, цяпер гэта пытанне абмяркоўваецца. Чакаецца, што меры па працягу галоўнай веладарожкі горада пачнуць прымацца ўжо ў пачатку наступнага года. У прыватнасці, расказаў Пракапенка, плануецца зрабіць адгалінаванні ад веладарожкі ўздоўж ракі. „Гэта дасць магчымасць павысіць якасць і камфорт для тых, хто будзе ёй карыстацца. Да кастрычніка будзе прынята канцэптуальнае рашэнне”, — паведаміў ён.

Паводле слоў прадстаўніка гарвыканкама, сёння даўжыня магістральнай веладарожкі складае 27 кіламетраў. Яна распасціраецца ад паўночна-заходняй да паўднёвай ускраіны горада, пачынаецца ў месцы перасячэння МКАД вадасховішча Дразды і заканчваецца каля Чыжоўскага вадасховішча. Агульная працягласць абазначаных веладарожак у сталіцы складае 196 кіламетраў.

Пракапенка таксама нагадаў пра эксперымент па арганізацыі веларуху па праезнай частцы на вуліцы Веры Харужай. „Мы пастаянна паляпшаем гэты эксперымент, уводзім новыя элементы, якія дапаўняюць інфраструктуру гэтай веладарожкі. Цяпер мы не плануем пашыраць эксперымент, неабходна вывучыць грамадскую думку. Толькі пасля гэтага мы прымем захады па распаўсюджванні гэтага праекта або яе (веладарожкі. — БелаПАН.) працягу ў тым ці іншым напрамку”, — сказаў начальнік упраўлення.

„Наша задача — не пагоршыць гарадское асяроддзе, а працаваць над яго паляпшэннем, беручы пад увагу вопыт, які ў нас ёсць”, — дадаў ён.

belapan.by